У Рыме пачалася 10-я Сусветная сустрэча сем'яў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Папа змяніў звычайную формулу правядзення форума. Сёлетні мае “шматцэнтравы і ўніверсальны” характар. Галоўным месцам сустрэчы з'яўляецца Рым, але ў тыя ж дні кожная дыяцэзія можа арганізаваць свае мерапрыемствы з удзелам сем'яў і супольнасцей.
10-я Сусветная сустрэча сем’яў пачнецца 22 чэрвеня вечарам Фестывалем сем’яў, які пройдзе з прысутнасцю Святога Айца ў ватыканскай Зале Паўла VI. Там жа будуць адбывацца ўсе канферэнцыі і дыскусійныя панэлі.
У чацвер, 23 чэрвеня, тэмай дня стане любоў у сям’і. Удзельнікі паразмаўляюць, між іншым, на тэмы: Сужэнцы і святары разам у будаўніцтве Касцёла, Моладзь і пажылыя разам для Касцёла заўтрашняга дня, Суправаджэнне ў першыя гады пасля шлюбу. Завершыцца дзень канцэртам і наведваннем Латэранскага палаца.
Тэмай пятніцы, 24 чэрвеня, стане пакліканне. Дэлегаты, між іншым, возьмуць удзел у двух дыскусіях: Быць хрысціянінам у лічбавую эпоху&Բ;і Пакліканне і місія на экзістэнцыяльнай перыферыі.
Тэмай суботы, 25 чэрвеня, будуць “дарогі святасці”. Дзень пачнецца з эўхарыстычнай адарацыі. Увечары на плошчы святога Пятра Францішак узначаліць Імшу для ўдзельнікаў сустрэчы.
У нядзелю, 26 чэрвеня, яны зноў збяруцца на ватыканскай плошчы, каб прыняць удзел у малітве Анёл Панскі і пачуць папскае пасланне да сем’яў.
Ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на сустрэчу ў Рым прыехала дэлегацыя на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. У яе склад увайшлі таксама айцец Пётр Фраштэнга, сакратар Рады па справах сям’і пры епіскапаце Беларусі, і сужэнцы Іван і Лілія Кобзікі.
Сусветныя сустрэчы сем’яў ініцыяваў святы Ян Павел II. Першая прайшла ў Рыме ў 1994 годзе пад дэвізам: Сям'я ў цэнтры цывілізацыі любові. Яны звычайна арганізоўваюцца раз у тры гады. 10-я Сусветная сустрэча сем'яў завяршае Год сям'і Amoris Laetitia, які пачаўся 19 сакавіка 2021 года. Форумы накіраваны на дыялог, дэманстрацыю ролі сям’і ў евангелізацыі і ўмацаванне тоеснасці сям’і.