Папа сустрэнецца з сем'ямі ў Рыме падчас Юбілею 2025 года
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця заклікаў маліцца, каб гэтыя сустрэчы сталі “вялікімі падзеямі ласкі, якія крануць сэрцы тысяч сем'яў”.
Падчас заключнай Імшы 10-й Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая прайшла 25 чэрвеня 2022 года на плошчы святога Пятра, іерарх спаслаўся на Год сям’і Amoris Laetitia, які папярэднічаў форуму, і выказаў упэўненасць у тым, што гэты час “даў новы імпульс душпастырству сем’яў у дыяцэзіях па ўсім свеце”: у апошнія некалькі месяцаў і душпастыры, і сем’і вучыліся працаваць разам, “каб стаць больш эфектыўнымі ў заданні суправаджэння дзяцей, моладзі, сужэнцаў і цэлых сем’яў у маральных і духоўных выкліках сучаснага грамадства”.
Кардынал Фарэл падзякаваў Францішку за серыю катэхез, прысвечаных сям’і, шматлікія выказванні ў абарону чалавечага жыцця, а таксама за ўстанаўленне Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей.
“Яшчэ шмат трэба зрабіць, але пасля гэтай сустрэчы з вамі, Святы Ойча, у нашых сэрцах нараджаюцца давер і абноўлены энтузіязм. Сям'і, са сваім унікальным пакліканнем да святасці, па-сапраўднаму з'яўляюцца найпрыгажэйшым абліччам Касцёла і могуць зрабіць унікальны ўнёсак у евангелізацыю свету праз сваю здольнасць сведчыць пра любоў, адвагу ў цяжкасцях і настойлівасць у даверлівай адданасці Богу”, - адзначыў галоўны арганізатар 10-й Сусветнай сустрэчы сем’яў.