Францішак моліцца за памерлага кардынала Барагана
Аляксандр Панчанка – Pope
“Пабожным прэлатам”, які “на працягу многіх гадоў з вернасцю аддаваў сваё жыццё служэнню Богу і Паўсюднаму Касцёлу”, назваў Святы Айцец кардынала, Барагана, прызнаючыся, што сяброўства іх лучыла з 1980 года.
У тэлеграме, скіраванай на імя біскупа Хаўера Навара Радрыгеса, пастыра дыяцэзіі Самора, з якой паходзіў памерлы, Пантыфік выказаў свае спачуванні яго родным і блізкім, а таксама ўсяму Касцёлу ў Мексіцы. Папа запэўніў у малітве аб вечным супакоі для душы кардынала Барагана, просячы Езуса, каб адарыў яго “неўвядальным вянком хвалы”.
Хаўер Ласана Бараган нарадзіўся ў 1933 годзе ў горадзе Талука ў Мексіцы. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1955 годзе. Вучыўся ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па дагматычнай тэалогіі. Быў старшынёй Тэалагічнага таварыства Мексікі і Інстытута душпастырскай тэалогіі Касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM). У 1979 годзе атрымаў біскупскую сакру. З 1985 па 1997 – пастыр дыяцэзіі Сакатэкас ў Мексіцы.
Супрацоўнічаць са структурамі Рымскай курыі пачаў з 1988 года. Быў членам шэрагу ватыканскіх дыкастэрый. У 1996 годзе Ян Павел ІІ прызначыў яго старшынёй Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, надаўшы годнасць арцыбіскупа. У 2003 годзе іерарх стаў кардыналам, а ў 2009 годзе сышоў на пенсію.
Пасля смерці кардынала Хаўера Барагана Калегія кардыналаў складаецца з 210 іерархаў, з якіх 117 з’яўляюцца выбаршчыкамі і 93 не маюць права голасу на канклаве.