ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Caritas Internationalis мабілізуецца для дапамогі Украіне

Caritas Internationalis падтрымае партнёраў ва Украіне. Ваенныя дзеянні “хутка і немінуча прывядуць да каласальнай гуманітарнай катастрофы”, - заўважыла кіраўнік украінскага аддзялення арганізацыі.

Ян Глінскі - Pope

“Неверагодна, што ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы людзі вымушаны прачынацца а 5-й гадзіне раніцы з-за выбухаў і выцця сірэн, якія апавяшчаюць пра авіяналёты”, - такімі словамі Таццяна Стаўнічая пачала свой зварот да канфедэрацыі Caritas Internationalis. У сувязі з нападам Расіі яна заклікала аказаць дапамогу Карытас Украіна.

Мэта праграмы – падтрымаць людзей, якія пацярпелі ад канфлікту, праз забеспячэнне іх ежай, пітной вадой, бяспечнымі сховішчамі і гігіенічнымі сродкамі, а таксама праз арганізацыю бяспечнай транспарціроўкі бездапаможных людзей да іх блізкіх на тэрыторыі, не ахопленыя ваеннымі дзеяннямі.

“Мы патрабуем вашай дапамогі, каб быць у стане адказаць на гуманітарны крызіс і дапамагчы людзям, пацярпелым ад вайны”, - звярнулася Стаўнічая да калегаў з іншых краін.

“Перад нападзеннем па абодва бакі ад лініі размежавання знаходзілася прынамсі 2,9 мільёны людзей, якія мелі патрэбу ў гуманітарнай дапамозе”, - нагадала кіраўнік украінскага аддзялення сусветнай дабрачыннай каталіцкай арганізацыі, дадаўшы, што цяпер гэтым лічбам наканавана расці.

У сваю чаргу Генеральны сакратар Caritas Internationalis Алаіс Джон падкрэсліў, што нельга “ігнараваць гуманітарныя наступствы гэтай вайны”, а “абавязак міжнароднай супольнасці – абараняць украінскі народ і гарантаваць доступ да гуманітарнай дапамогі”.

“Усе мы пакліканы дзейнічаць. Тое, што адбываецца ва Украіне, пагражае міжнароднай стабільнасці і міру”, – падкрэсліваецца ў камюніке Caritas Internationalis, у якім гучыць таксама заклік рабіць анлайн-ахвяраванні.

25 лютага 2022, 11:26