ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы заклікаюць падтрымаць украінскі народ малітвай

У цяжкі час, які перажывае Украіна, падтрымкай для нашага народа з’яўляецца салідарнасць Паўсюднага Касцёла, а голас Папы, якому не абыякавы наш лёс – асабліва важны, - адзначылі ўкраінскія біскупы.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Рыма-каталіцкія іерархі выказалі ўдзячнасць Францішку за зварот да ўсяго свету. “Яго голас – гэта крык ад імя ўсіх нас, незалежна ад нашай рэлігіі, абрадаў і палітычных поглядаў”, - напісалі яны ў спецыяльным пасланні, прымеркаваным да абвешчанай Пантыфікам Малітвы за мір ва Украіне.

У просьбе Святога Айца біскупы адчуваюць не толькі яго бацькоўскую заклапочанасць, але і “голас сумлення, які заклікае паважаць права на мір і свабоду”.

З заклікам да ўсіх вернікаў і людзей добрай волі маліцца за ўкраінскі народ, асабліва 26 студзеня 2022 года, звярнуўся ад імя епіскапату ЗША старшыня Камісіі Справядлівасць і мір, біскуп Дэвід Дж. Мэлой.

“З улікам трывожнай сітуацыі ва Украіне мы звяртаемся да ўсіх лідараў з просьбай паважаць тэрытарыяльную цэласнасць і палітычную незалежнасць Украіны і весці канструктыўны дыялог для мірнага ўрэгулявання канфлікту, які ўплывае на жыццё і дабрабыт 43 мільёнаў украінцаў", - гаворыцца ў заяве Канферэнцыі Біскупаў ЗША.

Біскуп Мэлой таксама цытуе сумесны заклік каталіцкіх біскупаў Украіны і Польшчы ад 24 студзеня 2022 года да палітыкаў, якія павінны ўстрымацца ад вайны і “неадкладна сысці з шляху ультыматумаў”. Ён нагадаў, што біскупы абедзвюх краін заклікалі “міжнародную супольнасць аб’яднаць намаганні ў знак салідарнасці і актыўна падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў групе рызыкі, усімі магчымымі спосабамі”.

“У гэты час страху і нявызначанасці мы выказваем салідарнасць з Касцёлам ва Украіне і прапануем нашу падтрымку. Заклікаем усіх вернікаў і людзей добрай волі маліцца за ўкраінскі народ, асабліва 26 студзеня, каб ён адчуў благаслаўленне міру”, - гаворыцца ў звароце каталіцкіх біскупаў ЗША.

“Адказна падысці” да просьбы Святога Айца залікаў католікаў Беларусі старшыня мясцовага епіскапату, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. “Наша малітва можа не абмяжоўвацца толькі гэтымі днямі, але няхай вынікае з нашай заклапочанасці аб міры і дыялогу ў нашым супольным доме, сярод тых, з кім жывём побач. Моц гэтай малітвы няхай стане падтрымкай для тых, хто гэты мір сёння будуе і абаронай ад сіл, якія імкнуцца яго зруйнаваць”, - напісаў ён.
 

26 студзеня 2022, 11:40