Фігурка Маці Божай Фацімскай зноў пачне пілігрымку па свеце
Аляксандр Панчанка – Pope
На сайце марыйнага санктуарыя ў Фаціме паведамляецца, што сёлета статуэтка Панны Марыі здзейсніць чатырнаццаць падарожжаў, у рамках якіх наведае Партугалію, ЗША, Францыю, Нікарагуа, Аргентыну, Італію, Чылі, Грузію, Арменію, Азербайджан, Іспанію і Калумбію.
Адносна галоўнай багародзічнай фігуркі, якая пастаянна захоўваецца ў базыліцы і пакідае яе толькі пры асаблівых нагодах, удакладняецца, што ў бягучым годзе не прадугледжана ніякіх падзей з яе удзелам па-за санктуарыем.
Першая статуэтка Маці Божай Фацімскай, якая пілігрымуе па свеце, была зроблена згодна з указаннямі сястры Лусіі душ Сантуш – адной з трох сведкаў аб’яўленняў Багародзіцы ў Фаціме ў 1917 годзе.
Ідэя перэгрынацыі ўзнікла ў 1945 годзе, адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі адзін святар з Берліна прапанаваў, каб статуэтка Маці Божай Фацімскай пабывала ва ўсіх сталіцах і біскупскіх гарадах Еўропы аж да мяжы з Савецкім Саюзам. Гэта ідэя была падтрымана люксембургскай Міжнароднай радай каталіцкай моладзі, якая ўключылася ў ажыццяўленне задумы. У 1947 годзе марыйная фігурка была ўрачыста каранавана і пачала пілігрымаваць па свеце, несучы людзям пасланне любові і міру.