Ad limina іспанскага епіскапату: Францішак – чалавек надзеі
Ян Глінскі - Pope
На думку кардынала Хуана Хасэ Амэлья, галоўнай праблемай Касцёла ў Іспаніі з’яўляецца наступ секулярызацыі. Другая серыя праблем звязана з крызісам сужэнства, фарсіраваннем альтэрнатыўнага бачання сям’і, а таксама дэмаграфічным крахам, які ўплывае ў тым ліку і на жыццё Касцёла. Пра ўсё гэта біскупы размаўлялі ў ватыканскіх дыкастэрыях і на аўдыенцыі са Святым Айцом.
“Падчас сустрэчы з Папам мяне найбольш уразіла тое, што ён размаўляў з намі, як брат з братам. Кожны мог выказацца, калі хацеў. Гэта быў дыялог у сямейнай атмасферы. Ён не навязваў сваёй улады, крытэрыяў, тэалогіі, не прамаўляў нам казанняў”, - адзначыў арцыбіскуп Барселоны.
Іерарх падкрэсліў, што Святы Айцец мае нязменна “глыбокае бачанне веры і надзеі”, чым моцна падбадзёрыў іспанскіх біскупаў. Акрамя гэтага, Францішак мае “выдатнае пачуццё гумару” і “ніколі яго не губляе”. “У гэтым я хацеў бы браць з яго прыклад: быць чалавекам надзеі”, - дадаў ён.
Па словах старшыні епіскапату Іспаніі, стаўленне ў ватыканскіх ведамствах было пазбаўлена навязвання і павучання. “Ватыканскія дыкастэрыі маюць больш шырокае бачанне Касцёла. Гэта такі сусветны даследчы цэнтр, які, карыстаючыся сваімі ведамі, можа табе дапамагчы. Прапануе нейкія лякарствы, рашэнні, а мы правяраем, ці могуць яны быць выкарыстаны ў нас. Нешта падобнае на адносіны бацькоў з дзецьмі: бацькі даюць парады, бо маюць больш досведу”, - заўважыў кардынал Амэлья.