ҽ

Кардынал П'етра Паралін падчас св. Імшы ў санктуарыі ў Брэзэ Кардынал П'етра Паралін падчас св. Імшы ў санктуарыі ў Брэзэ 

Дзяржсакратар: хрысціянская вера – надзейны фундамент для ЕС

Будаваць Еўропу на фундаменце праўды, справядлівасці, свабоды і любові, - заклікаў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, падчас візіту ў Славенію.

Аляксандр Панчанка – Pope

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі наведаў балканскую краіну з нагоды 30-годдзя яе незалежнасці і 25-годдзя візіту ў яе св. Яна Паўла ІІ. Падчас св. Імшы ў марыйным санктуарыі ў горадзе Брэзэ, іерарх адзначыў важнасць будавання зямной рэчаіснасці на фундаменце Божага слова і дэмакратычных каштоўнасцей.

“Гэта праўда, што наша Айчына знаходзіцца на Небе, але, тым не менш, зямная рэчаіснасць уяўляе для нас сапраўдную каштоўнасць, нават калі не адзіную і не самую высокую. Каштоўнасці свабоднай і дэмакратычнай краіны, заснаванай на справядлівасці, павазе, братэрстве і салідарнай любові, з’яўляюцца вельмі важнымі, бо непасрэдна злучаны з чалавечай годнасцю”, - падкрэсліў кардынал.

Дзяржсакратар нагадаў, што св. Ян Павел ІІ, падчас свайго візіту ў Славенію ў 1996 г., прыхільна выказваўся пра “права народаў на самавызначэнне” і заахвочваў славенцаў шукаць у “самых трывалых цнотах і хрысціянскай веры” сілу для супольнага будавання будучыні.

Кардынал заўважыў, што з 2004 г. Славенія з’яўляецца краінай-членам Еўрапейскага Саюза, заснавальнікі якога былі “перакананы ў неабходнасці пошуку ў першую чаргу Божага Валадарства і яго справядлівасці”. На думку іерарха, самай надзейнай асновай, якая дазволіць выстаяць ЕС, з’яўляецца пасланне Езуса.

“Таксама св. Ян ХХІІІ у энцыкліцы Pacem in Terris нагадваў, што моцны фундамент, на якім мы павінны будаваць наш дом, гэта праўда, справядлівасць, свабода і любоў. Вось тыя гранітныя скалы, якія дазваляюць нашаму дому не рухнуць!”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

Дзяржаўны Сакратар звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць абароны рэлігійнай свабоды, якая з’яўляецца “індыкатарам здаровай дэмакратыі і адной з галоўным крыніц легітымнасці дзяржавы”. У той жа час ён падкрэсліў, што праўда, справядлівасць і свабода з’яўляюцца плёнамі любові.
 

02 верасня 2021, 12:23