Францішак спачувае ў сувязі са смерцю арцыбіскупа Хосэра
Аляксандр Панчанка – Pope
Іерарх адышоў у вечнасць 13 жніўня 2021 г. ва ўзросце 78 гадоў. Яго пахаванне адбылося 20 жніўня ў Варшаве. Пантыфік выказаў сваю блізкасць Касцёлу ў Польшчы ў спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя Біскупа Варшаўска-Пражскага Рамуальда Камінскага.
Спасылаючыся на дэвіз памерлага іерарха – Maior est Deus (Бог – большы) – Францішак падкрэсліў, што гэтыя словы суправаджалі арцыбіскупа Хосэра на працягу ўсяго жыцця і “вызначалі лад яго мыслення, іерархію каштоўнасцей, прыняцце рашэнняў і кірункі душпастырскай дзейнасці”. Ён з апостальскай адвагай ішоў у свет, давяраючы таму, што “Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё”, - напісаў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што на працягу свайго жыцця арцыбіскуп Хосэр з адданасцю выконваў сваё служэнне як лекар, святар у супольнасці палатынаў, місіянер, аніматар у сферы душпастырства сем’яў і аховы здароўя, прадстаўнік Святога Пасаду ў Руандзе і сакратар ватыканскай Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, а потым як Біскуп Варшаўска-Пражскі і, нарэшце, як Апостальскі візітатар у Меджугор’і.
Пантыфік нагадаў словы спачылага: “Калі гляджу на маё служэнне ў цэлым, то бачу, што Божы провід прадбачаў маю місію ў Касцёле. Кожны папярэдні этап рыхтаваў мяне да наступнага. Бог дазволіў мне рэалізавацца”. На завяршэнне спачувальнага паслання Францішак даручыў плёны жыцця і душпастырства арцыбіскупа Хосэра Божай Міласэрнасці, молячыся, каб Пан прыняў яго да сваёй хвалы.