Халдэйскі Патрыярхат патлумачыў матывы змены сваёй назвы
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Такое тлумачэнне змяшчаецца ў заяве Патрыярха, апублікаванай 23 жніўня 2021 г., у адказ на шматлікія пытанні і нават палемічныя каментары, якія з'явіліся неўзабаве пасля Сінода.
Падчас сінадальнай сесіі, якая прайшла ў Багдадзе 9-14 жніўня 2021 г. пад старшынствам Патрыярха, кардынала Луіса Рафаэля Сако, іерархі усходне-каталіцкай Царквы, абмеркавалі многія важныя тэмы. Адной з іх стала змена афіцыйнай назвы супольнасці, раней вядомай як Вавілонскі Халдэйскі Патрыярхат – цяпер гэта будзе проста Халдэйскі Патрыярхат.
Патрыярхат звярнуў увагу на тое, што шмат крытыкі зыходзіць з боку халдэйскай дыяспары, у той час як у самім Іраку "ніхто не выступае супраць рашэння Сінода". Было падкрэслена, у прыватнасці, што Вавілон быў сталіцай Вавілонскай імперыі, але "ён ніколі не быў сталіцай епіскапа або Патрыярха, а сёння гэта іракскі мусульманскі горад". Папярэдняя назва Патрыярхату была пазбаўлена якой-кольвечы гістарычнай базы па розных прычынах. У патрыяршай заяве звяртаецца ўвага на тое, што калі хрысціянства дасягнула Месапатаміі, Вавілонія ўжо доўгі час была ў руінах.
Да стварэння Халдэйскага Патрыярхату, звязанага сувязямі іерархічнай супольнасці з Наступнікам св. Пятра, прывялі складаныя гістарычныя абставіны сярэдзіны XVI ст., якія паспрыялі таму, што частка Асірыйскай Царквы Усходу пацвердзіла поўную камунію з Рымам. Спасылка на Вавілон была змешчана ў назве толькі ў 1724 г.