ҽ

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Кардынал Паралін: мы не павінны баяцца праўды пра злоўжыванні

Францыя заслугоўвае візіту Папы. Ёсць такі праект, і я спадзяюся, што ён будзе рэалізаваны, - сказаў кардынал П'етра Паралін у інтэрв'ю французскай La Croix.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Дзяржсакратара Яго Святасці спыталі, у прыватнасці, аб уплыве секулярызму на дзяржаўна-касцёльныя адносіны і аб будучай публікацыі дакладу незалежнай камісіі па злоўжываннях у Касцёле ў Францыі.

Кіраўнік Дыпламатыі Святога Пасаду заўважыў, што публікацыя дакладу, магчыма, стане часам пакуты, аднак нельга баяцца праўды. "Мы павінны ўспрыняць усё з іншага пункту гледжання, і гэта стала прычынай склікання камісіі, якая павінна дапамагчы зразумець, што адбылося на самой справе", - сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што нават калі вынікі справаздачы засмуцяць многіх людзей, яна ўсё роўна будзе апублікавана. "З гэтага можа ўзнікнуць новае ўсведамленне неабходнасці барацьбы з злоўжываннямі і іх прафілактыкі ў будучыні", - мяркуе кардынал Паралін.

Незалежная камісія па злоўжываннях адносна непаўналетніх і несамастойных асоб у Касцёле (CIASE) была створана па волі французскага епіскапату і вышэйшых манаскіх настаяцеляў. У яе склад уваходзіць 21 чалавек. Гэта вернікі розных канфесій, агностыкі і атэісты. Сярод іх няма духоўных асоб і прадстаўнікоў ахвяр сексуальнага гвалту.

Кардынал Паралін таксама спаслаўся на т.зв. законапраект аб сепаратызме, які будзе разгледжаны Нацыянальным сходам праз некалькі дзён. Ён звярнуў увагу на тое, што французскі секулярызм – гэта з’ява ўнікальная, якую цяжка знайсці ў іншых краінах. Спадчына Французскай рэвалюцыі і наступныя этапы гісторыі прывялі не толькі да падзелу Касцёла і дзяржавы, але часам да рашучага непрымання рэлігіі. “Гэта спрыяла маргіналізацыі рэлігійнага вымярэння ў сацыяльным жыцці, што не ёсць станоўчым. Ідэалам заўсёды з'яўляецца аўтаномія палітычнай супольнасці ў адносінах да Касцёла, а таксама здаровае супрацоўніцтва паміж імі", - падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар, дадаючы, што Касцёл і дзяржава маюць супольную мэту пабудовы агульнага дабра.
 

13 ліпеня 2021, 11:22