Бэнэдыкт XVI да Касцёла ў Германіі – толькі вера вызваляе
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Папа-эмерыт падкрэсліў, што толькі вера вызваляе чалавека ад абмежаванасці і вузкасці свайго часу. "Дактрына павінна развівацца ў веры і з веры, а не стаяць побач", - заўважыў ён. Таму што "дактрына, якая існавала б як запаведнік, аддзелены ад штодзённага свету веры і яе патрэб, адначасова была б адмовай ад самой веры".
З яго пункту гледжання трэба адрозніваць "вернікаў і няверуючых" у Касцёле. Звяртаючыся да ролі нямецкіх біскупаў, ён падкрэсліў: "Пакуль афіцыйныя касцёльныя тэксты гавораць толькі на ўзроўні пасады, а не сэрца і духа, зыход са свету веры будзе працягвацца". Папа-эмерыт чакае ад людзей Касцёла "сапраўднага і асабістага сведчання веры".
Бэнэдыкт XVI, які паходзіць з Баварыі, адзначыў, што ў касцёльных установах – бальніцах, школах, дабрачынных структурах – шмат людзей, якія не падзяляюць унутранай місіі Касцёла; яны займаюць вырашальныя пазіцыі і, такім чынам, у многіх выпадках зацямняюць сведчанне ўстановы.
На яго думку, афіцыйныя тэксты Касцёла ў Германіі ў асноўным пішуцца людзьмі, для якіх вера з'яўляецца толькі афіцыйнай. "У гэтым сэнсе я павінен прызнаць, што выраз афіцыйны Касцёл у поўнай меры адносіцца да вялікай часткі афіцыйных касцёльных тэкстаў у Германіі", - заўважыў 94-гадовы Бэнэдыкт XVI.
Інтэрв’ю нямецкаму журналісту прымеркавана да 70-годдзя вікарыята Ёзэфа Ратцынгера ў адной з мюнхенскіх парафій. Большая частка размовы прысвечана ўспамінам з таго часу.