Кардынал Рабэр Сара выдаў кнігу з парадамі для святароў
Аляксандр Панчанка – Pope
Былы прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў падрыхтаваў новую кнігу пад назвай На службе праўдзе (A servizio della verità), якая ў бліжэйшыя дні з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў. Выданне ўяўляе сабой зборнік разважанняў, скіраваных да святароў. Кардынал Сара заклікае іх да сур’ёзнага вывучэння тэалогіі, каб былі здольнымі адказваць на патрабаванні, якія ставіць перад Касцёлам Францішак.
Іерарх заўважыў, што ў Італіі падрыхтоўка лекара працягваецца каля дванаццаці гадоў. Таксама і святары, якія служаць у “палявым шпіталі” патрабуюць належнай фармацыі, каб маглі ратаваць жыцці. Не дастаткова толькі добрай волі, патрэбна кампетэнтнасць, - дадаў кардынал.
Былы прэфект прызнаў, што існуюць такія напрамкі тэалогіі, якія не дапамагаюць у жыцці і місіі Касцёла, і замест таго, каб паглыбляць веру, аддаляюць ад яе. Ён нагадаў іранічныя словы Францішка пра тое, што некаторых тэолагаў, варта было б адправіць на адну выспу, каб Касцёл ішоў наперад, а яны маглі далей дыскутаваць пра свае абстрактныя і ідэалагічныя погляды.
У той жа час добрая тэалогія, заснаваная на Божым слове і вучэнні Касцёла, не з’яўляецца пагрозай. Яе адметная рыса – любоў да Бога, які з’яўляецца аб’ектам вывучэння, - падкрэсліў кардынал Рабэр Сара.