125-годдзе з дня нараджэння кс. Пятра Татарыновіча
Аляксандр Панчанка – Pope
Пётр Татарыновіч прыйшоў на свет 14 чэрвеня 1896 г. у вёсцы Гайнін на Случчыне. Вучыўся ў духоўных семінарыях у Петраградзе, Мінску і Улацлаўку. Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння выконваў душпастырскае служэнне ў розных мясцовасцях Пінскай дыяцэзіі: у Наваградку, Баранавічах, Дамачаве, Століне і іншых месцах.
Кс. Татарыновіч удзяляў сакрамэнты, прапаведваў, катэхізаваў, выкладаў, наладжваў дзейнасць каталіцкіх дабрачынных структур, клапаціўся аб духоўнай фармацыі моладзі, быў палымяным публіцыстам: друкаваўся ў розных тагачасных заходнебеларускіх выданнях.
Святарскі лёс маладога пастыра не быў лёгкім: за казанні на беларускай мове і падтрымку беларускага руху Татарыновіча ссылалі ў глыб Польшчы, потым яго арыштоўвалі бальшавікі і нацысты.
Пасля Другой сусветнай вайны кс. Пётр апынуўся ў Рыме, дзе напісаў і абараніў доктарскую дысертацыю аб духоўным вучэнні св. Кірылы Тураўскага. З 1950 – 1971 гг. быў кіраўніком і асноўным аўтарам Беларускай праграмы Ватыканскага радыё, выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс ŹԾč, клапаціўся пра эмігрантаў-католікаў з Беларусі, перакладаў на беларускую мову Святое Пісанне і іншыя кнігі, сярод якіх раман Генрыка Сянкевіча Quo vadis, перавыдаў малітоўнік Голас душы. За руплівую душпастырскую дзейнасць у 1961 г. атрымаў тытул Ганаровага прэлата Яго Святасці Папы.
Кс. Пётр Татарыновіч памёр 3 верасня 1978 г. у Вечным горадзе. Пахаваны на рымскім Cimitero Flaminio. Пакінутая ім літаратурная і духоўная спадчына з’яўляецца каштоўным скарбам беларускай культуры і гісторыі Касцёла на тэрыторыі нашай Радзімы.