Куба: ружанцовы “марафон” з санктуарыя Эль-Кобрэ
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У гэтай архідыяцэзіі знаходзіцца нацыянальны санктуарый кубінцаў – Маці Божай Міласэрнасці, з якога 20 мая 2021 г. у 18.00 па рымскім часе ватыканскія СМІ будуць трансліраваць ружанец у рамках "малітоўнага марафону" у інтэнцыі заканчэння пандэміі, ініцыяванага Францішкам.
Арцыбіскуп Гарсія Ібаньес, гаворачы пра сітуацыю з COVID-19 у сваёй краіне, адзначыў, што ў апошнія месяцы колькасць заражэнняў і смерцяў на Кубе была меншай, чым у многіх іншых краінах. Але другая хваля дайшла і да гэтай краіны, было шмат шпіталізаваных. "Больш за тое, наша эканоміка, якая ў значнай ступені заснавана на турызме, вельмі пакутуе", - заўважыў Прымас Кубы.
Спаслаўшыся на камуністычную палітычную сістэму, якая, нягледзячы на канец эпохі Кастра, не мяняецца ў сваёй непавазе да грамадзянскіх свабод, іерарх адзначыў важнасць малітвы за правы чалавека.
Санктуарый Апякункі Кубы – Маці Божай Міласэрнасці знаходзіцца ў горадзе Эль-Кобрэ, размешчаным прыблізна ў 20 км на захад ад Сант'яга-дэ-Куба. Тут захоўваецца фігура Багародзіцы. Традыцыя кажа, што яе знайшлі ў рацэ два індзейцы і афрыканскі раб. У 1684 г. у гонар Маці Божай быў пабудаваны першы храм. У 1915 г. папа Бэнэдыкт XV абвясціў Мадонну з Эль-Кобрэ апякункай вострава. У 1926 г. тут была пабудавана новая вялікая базыліка.