Нямецкі гісторык: тысячы яўрэяў прасілі дапамогі ў Пія XII
Аляксандр Амяльчэня - Pope
"Лісты – гэта ўражлівыя асабістыя гісторыі, шакавальныя сведчанні пра пераслед, пакуты і жах падчас нацысцкага праўлення", - падзяліўся Вольф у інтэрв'ю нямецкаму каталіцкаму выданню Herder Korrespondenz.
"Апостальская Сталіца адказвала на заклікі аб дапамозе, калі гэта было магчыма, напрыклад, фінансава, ежай ці прытулкам", - заўважыў гісторык. Часам Пантыфік дапамагаў у адказ на просьбу аб атрыманні візы ці грашах на падарожжа ў іншую краіну, каб пазбегнуць дэпартацыі ў лагеры смерці. Гістарычныя крыніцы паказалі, што Пій XII асабіста чытаў шмат лістоў і прымаў рашэнні аб дапамозе.
Гісторык падрабязна распавядае пра просьбу групы яўрэяў, якім удалося збегчы з Партугаліі ў Бразілію. "У гэтым выпадку Папа дапамог ім атрымаць візы. Апостальскі нунцый у Партугаліі асабіста суправаджаў гэтых людзей, уключаючы дзяцей, у порт Лісабона, адкуль яны змаглі адплыць у Рыа-дэ-Жанейра", - сказаў Вольф.
Гісторык падкрэсліў, што пакуль занадта рана казаць аб грунтоўнай пераацэнцы дзеянняў Пія XII у часы нацыянал-сацыялізму. Але ён перакананы, што вобраз Папы больш складаны, чым гэта прынята лічыць сёння.
Дакументы, адкрытыя групай гісторыкаў на чале з Вольфам, знаходзяцца ў архівах, звязаных з пантыфікатам Пія XII (1939-1958), якія Святы Пасад рассакрэціў год таму. Нямецкі гісторык Касцёла і яго каманда сталі аднымі з першых навукоўцаў, якія атрымалі доступ да іх.