ҽ

Кардынал Луіс Сако з Францішкам падчас яго візіту ў Ірак Кардынал Луіс Сако з Францішкам падчас яго візіту ў Ірак 

Багдадскі арцыбіскуп падвёў выніку візіту Францішка ў Ірак

Падводзячы вынікі візіту Папы ў Ірак, Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы падкрэсліў, што гэта быў вялікі “адвэнт” для ўсіх мусульман і хрысціян.

Кардынал Луіс Сако назваў пілігрымку крыніцай радасці і міру для жыхароў краіны. Францішак падарыў іракцам сілу і надзею, раздзяляючы іх пакуты і надзеі. Людзі былі вельмі крануты прысутнасцю Папы, яго жэстамі і словамі.

“Мусульмане казалі: “У вас, хрысціян, ёсць сапраўдны скарб, у вас ёсць Папа, такі сціплы айцец, які слухае і любіць людзей. Ён не пераследуе ніякіх інтарэсаў, як розныя палітыкі ў нашай краіне”, - падзяліўся іерарх.

Паводле яго, візіт заставіў глыбокі след на грамадскім жыцці, але таксама на культуры і менталітэце Ірака. Ён спадзяецца, што прысутнасць Пантыфіка зменіць рэальнасць, узаемнае стаўленне, выльецца ў большую ўзаемную павагу, паспрыяе ліквідацыі гвалту і фундаменталізму. Папскі візіт адаб'ецца на палітыцы, стабілізацыі і міры. “Зараз у нас будуць выбары, я лічу, што адбудуцца сапраўдныя змены, таму што палітыкі таксама з цікавасцю слухалі Францішка”, - сказаў Патрыярх.

“Іракцы па сваёй натуры вельмі ўмераныя, падзелы і фундаменталізм, якія прыйшлі звонку, паўплывалі на іх радыкалізацыю, але яны вернуцца да свайго добрага і спакойнага характару”, - падкрэсліў кардынал Сако.

Важнымі этапамі пілігрымкі іерарх назваў візіт у Наджаф, які стаў вялікай падзеяй асабліва для мусульман, і сустрэчу ў Уры, горадзе Абрагама, дзе ўсе разам маліліся аб міры і братэрстве. Патрыярх Вавілона Халдэйскага і арцыбіскуп Багдадскі таксама падкрэсліў, што Папа гаварыў ад душы і з вялікай заклапочанасцю лёсам іракскага народа.
 

11 сакавіка 2021, 09:58