ҽ

Сястра Наталі Бэкар Сястра Наталі Бэкар 

Наталі Бэкар: Папа давярае жанчынам самае важнае ў Касцёле

Сястра Наталі Бэкар, якая стала першай жанчынай у гісторыі, што прагаласуе на Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, падкрэсліла жаданне Папы, звязанае з большым удзелам жанчын у прыняцці рашэнняў у Касцёле.

Французская манахіня прызналася Pope, што ўспрымае сваё прызначэнне адным з двух падсакратароў Сінода як жэст даверу з боку Пантыфіка.

“Для мяне гэта ў першую чаргу заклік да яшчэ большага служэння, але і чарговая вялікая прыгода веры”, - сказала сястра Бэкар, падкрэсліўшы, што папскае рашэнне стала для яе вялікай нечаканасцю.

“Успрымаю прызначэнне як асабісты заклік з боку Касцёла і Папы. Гэта звязана з маёй унутранай місіяй, якую я выконваю на працягу некалькіх гадоў, паставіць сябе на большае служэнне сінадальнасці. Апошнія паўтара года я праводзіла даследаванні па сінадальнасці ў Boston College, і папскае прызначэнне звязвае мяне з гэтай працай. У мяне таксама ёсць досвед Сінода Біскупаў па пытаннях моладзі і гады працы з моладдзю ў структурах французскага епіскапату”, - падкрэсліла манахіня.

“Разглядаю гэтае заданне як знак даверу да жанчын у Касцёле, да законніц і, шырэй, да свецкіх верніц, і як адказ на ўсё, што было сказана падчас апошніх Сінодаў і на што Папа так шмат звяртаў увагу: гаворка ідзе пра пытанне ўключэння жанчын у працэс прыняцця рашэнняў і распазнання ў Касцёле”, - дадала навая намесніца Генеральнага сакратара Сінода.

Бэкар была першай жанчынай, якая адказвала ў французскім епіскапаце за душпастырства моладзі і пакліканні. У 2016 г. яна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы Сінода па справах моладзі. З 2019 г. была прызначана кансультантам Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў. Цяпер рашэннем Францішка яна стала падсакратаром Сінода Біскупаў, разам з іспанскім аўгустыніянінам, а. Луісам Марынам дэ Сан-Марцінам. Яны будуць цесна супрацоўнічаць з Генеральным сакратаром Сінода Біскупаў, кардыналам Марыё Грэкам.

Вылучэнне першай жанчыны ў гісторыі на такую важную пасаду мальтыйскі іерарх лічыць належнай ацэнкай голасу Божага народа на сінадальных шляхах Касцёла і напамінам пра неабходнасць прыцягнення ўсіх ахрышчаных да працэсаў прыняцця рашэнняў.
 

09 лютага 2021, 11:09