ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Неўзабаве пачнецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян

Пад дэвізам “Заставайцеся ў Маёй любові: прынесяце багаты плён”, узятым з 15-га раздзела Евангелля св. Яна, з 18 па 25 студзеня 2021 г. пройдзе Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян.

Хоць існуюць абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, таксама ў гэтым годзе вернікі розных канфесій сустрэнуцца на экуменічных набажэнствах і пачуюць разважанні прадстаўнікоў іншых Цэркваў.

Тэрмін з 18 па 25 студзеня быў прапанаваны ў 1908 г. піянерам экуменічнага руху Полам Уотсанам з ЗША і ўключыў час паміж успамінам св. Пятра і ўспамінам навяртання св. Паўла. У паўднёвым паўшар’і, дзе ў студзені звычайна трываюць канікулы, Тыдзень малітваў адзначаецца ў іншы час, часта каля Пяцідзясятніцы.

З 1975 г. штогод групы хрысціян з асобных краін і кантынентаў рыхтуюць матэрыялы для чарговага святкавання экуменічнага тыдня. Сёлетняе разважанне падрыхтавала жаночая манаская супольнасць Гран-Шам з Швейцарыі.

Місіяй супольнасці, якая сёння налічвае 50 сясцёр, прадстаўніц розных пакаленняў, касцёльных традыцый, розных краін і кантынентаў, з’яўляецца жыццё ў малітве, гасціннасці, праца на карысць згоды паміж людзьмі і адзінства хрысціян. Яна была заснавана ў 1930-я гг. групай жанчын з руху Dames de Morges. Сёстры дзеляцца сваім дарам манаскага жыцця з наведвальнікамі і валанцёрамі, якія прыязджаюць у Гран-Шам, каб правесці рэкалекцыі, пабыць у цішыні, знайсці сэнс жыцця.

Тры стаўпы, на якіх засноўваецца штодзённае жыццё сясцёр – малітва, развіццё грамадскага жыцця і гасціннасць – сталі асновай для матэрыялаў да сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.
 

04 студзеня 2021, 11:58