ҽ

Марцін Лютэр Марцін Лютэр 

Каталіцка-лютэранская заява да 500-годдзя экскамунікі Лютэра

Намеснік генеральнага сакратара Сусветнай лютэранскай федэрацыі Дзірк Лангэ анансаваў сумеснае камюніке Федэрацыі і Апостальскай Сталіцы “аб далейшых кроках на шляху ад канфлікту да камуніі”.

У чэрвені 2020 г. група з 30 каталіцкіх і пратэстанцкіх тэолагаў Экуменічнага дыскусійнага кола з Альтэнберга звярнулася да Францішка з просьбай адмяніць экскамуніку, накладзеную 500 гадоў таму на Марціна Лютэра. Адначасова яны заклікалі Федэрацыю адмовіцца ад слоў Лютэра, які назваў “антыхрыстам” Папу і яго наступнікаў.

Марцін Лютэр, ад якога ў 1517 г. пачалася Рэфармацыя і падзел Заходняга Касцёла, быў экскамунікаваны Львом X булай Decet Romanum Pontificem ад 3 студзеня 1521 г.

Экуменічная група заклікала таксама нямецкую каталіцкую біскупскую канферэнцыю і Евангелісцкую Царкву ў Германіі выступіць з сумеснай заявай і актам пакаяння за тое, што адбылося 500 гадоў таму, з надзеяй пераадолення супрацьлегласці пазіцый, якая прывяла да расколу ў Касцёле.

Трэба адзначыць, што тры апошнія Пантыфікі станоўча выказваліся пра Лютэра. Таксама ў 2015 г. Святы Пасад ухваліў наданне імя Марціна Лютэра плошчы на ўзгорку Опіа, каля Калізея. Праз два гады Ватыкан выпусціў марку, прысвечаную 500-годдзю Рэфармацыі, на якой Марцін Лютэр стаяў з Бібліяй у руках на каленях перад распяццем, а Філіп Меланхтон трымаў копію Аўгсбургскай канфесіі – першага збору прынцыпаў пратэстантызму. У 2020 г. Генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі, пастар Марцін Юнгэ напісаў прадмову да кнігі папы Францішка “Неба на зямлі. Любіць і служыць, каб змяніць свет”.

3 студзеня 2021 г. Сусветная лютэранская федэрацыя і Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству планавала правесці сумеснае набажэнства з нагоды 500-годдзя экскамунікі Лютэра. Аднак з прычыны пандэміі яно было перанесена на 25 чэрвеня, дату, калі ў 1530 г. была публічна прадстаўлена Аўгсбургская канфесія.
 

02 студзеня 2021, 11:20