ҽ

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа адзначыў сведчанне мучаніка камуністычнага пераследу ў Іспаніі

Святы Айцец звярнуў увагу на прыклад веры новага мучаніка камуністычнага пераследу католікаў у Іспаніі і заклікаў вучыцца ад яго жыць паўнатой хрысціянскага паклікання.

“Учора ў Барселоне быў абвешчаны благаслаўлёным Хуан Роч-і-Дыгл, свецкі вернік і мучанік, забіты ва ўзросце ўсяго дзевятнаццаці гадоў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, - сказаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 8 лістапада 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

“Ён быў сведкам Езуса ў працоўным асяроддзі і застаўся верным Яму аж да найвышэйшай ахвяры жыцця. Няхай яго прыклад абудзіць ва ўсіх, асабліва ў моладзі, прагненне жыцця ў паўнаце хрысціянскага паклікання”, - пажадаў Святы Айцец.

Бл. Хуан Роч-і-Дыгл паходзіў з пабожнай каталіцкай сям’і і атрымаў добрае хрысціянскае выхаванне. У часы грамадзянскай вайны адзін святар даручыў яму захоўваць дома Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб удзяляць Святую Камунію блізкім і суседзям.

Нягледзячы на пераслед католікаў юнак працягваў хадзіць у Касцёл і сведчыць аб веры. Гэта прыцягнула ўвагу баевікоў-камуністаў, якія вырашылі забіць хлопца. Калі карнікі прыйшлі ў яго дом, Хуан Роч-і-Дыгл паспеў спажыць усе гостыі, каб уратаваць ад прафанацыі. Перад смерцю ён сказаў сваім забойцам: “Няхай Бог прабачыць вам так, як я прабачыў вам”.

 

08 лістапада 2020, 13:22