ҽ

Лагатып сустрэчы Тэзэ ў Турыне Лагатып сустрэчы Тэзэ ў Турыне 

Традыцыйная навагодняя сустрэча Тэзэ пераносіцца на год

43-я Еўрапейскую сустрэчу моладзі ў духу Тэзэ, якая павінна была адбыцца ў Турыне ў канцы снежня - пачатку студзеня, перанеслі на год. Пра гэта інфармуюць арганізатары сустрэчы праз афіцыйныя сацыяльныя медыя.

“З прычыны пандэміі каронавіруса, пасля ўзгаднення з касцёльнымі і грамадзянскімі ўладамі, Еўрапейская сустрэча моладзі ў Турыне пераносіцца на наступны год. Яна пройдзе з 28 снежня 2021 г. па 1 студзеня 2022 г.”, - гаворыцца ў адмысловым паведамленні. У мінулагоднім форуме, які адбыўся ў польскім Вроцлаве, удзельнічала больш за 15 тыс. пілігрымаў з прыблізна 60 краін Еўропы і свету.

Штогадовыя сустрэчы, якія праводзяцца ў калядныя дні ў найбуйнейшых гарадах Еўропы, з’яўляюцца часткай “Пілігрымкі надзеі”, ініцыяванай экуменічнай супольнасцю Тэзэ больш за сорак гадоў таму. Маладыя людзі моляцца разам, уліваюцца ў жыццё мясцовых парафій, разважаюць над такімі тэмамі, як паразуменне, свет, вера, сацыяльнае служэнне.

Сёння ў супольнасці Тэзэ, якая знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы ў французскай Бургундыі, жыве каля ста манахаў – католікаў і пратэстантаў – з больш чым трыццаці краін свету. Сваім жыццём яны хочуць засведчыць хрысціянскае адзінства перад абліччам падзелаў, якія існуюць паміж народамі.

Па статыстыцы, у Італіі было пацверджана амаль 252 тыс. выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19, загінулі больш за 35 тыс. чалавек. У цяперашні час налічваецца каля 14 тыс. хворых, сярод якіх няма асоб, якія знаходзяцца ў цяжкім або крытычным стане.

 

13 жніўня 2020, 12:13