ҽ

Санктуарый Святога Дома ў Ларэта Санктуарый Святога Дома ў Ларэта 

Святы Айцец падоўжыў Ларэтанскі Юбілей яшчэ на год

Рашэннем Францішка Ларэтанскі Юбілей падоўжаны яшчэ на год. Гэта звязана з сёлетняй эпідэміялагічнай сітуацыяй. Раней планавалася, што ён завершыцца 10 снежня 2020 г.

Навіна была абвешчана ў Ларэта пасля завяршэння ружанцовай малітвы перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Вернікі з радасцю прынялі інфармацыю, якая прагучала з вуснаў Папскай дэлегата ў Ларэта, арцыбіскупа Фабіа Даль Чына. Іерарх падзякаваў Святому Айцу за падораную магчымасць карыстацца духоўнымі дарамі Юбілею яшчэ дванаццаць месяцаў, асабліва ў гэты няпросты час пандэміі.

Юбілей быў абвешчаны ў 100-ю гадавіну аб’яўлення Маці Божай у італьянскім горадзе на беразе Адрыятычнага мора. Яна з’яўляецца заступніцай авіятараў і ўсіх, хто падарожнічае ў паветры.

Афіцыйна Год пачаўся з адкрыцця Святой брамы святыні 8 снежня 2019 г. у прысутнасці Дзяржсакратара Яго Святасці, кардынала Пьетра Параліна.

На жаль, з прычыны нечаканай пандэміі COVID-19 Юбілей не быў адсвяткаваны належным чынам, адзначаецца дакуменце Апостальскай пэнітэнцыярыі. Таму сваім рашэннем Святы Айцец падоўжыў яшчэ на год час міласэрнасці і прабачэння для ўсіх вернікаў, якія наведаюць санктуарый Святога Дома ў Ларэта. Адпуст распаўсюджваецца таксама на мноства капліц у грамадзянскіх аэрапортах і на ваенна-паветраных базах па ўсім свеце.

У тэксце выказваецца надзея на тое, што вернікі змогуць атрымаць з падаўжэннем Юбілею духоўныя даброты і сілу, неабходныя для жыцця паводле евангельскіх запаведзяў.

Паведамляючы аб працягу юбілею, арцыбіскуп Даль Чына адзначыў асаблівую ўвагу Францішка да італьянскага санктуарыя: 25 сакавіка 2019 г. падчас візіту ў Ларэта Папа падпісаў паслясінадальную апостальскую адгартацыю Christus Vivit, 10 снежня 2019 г. ён увёў у Рымскі каляндар літургічны ўспамін Маці Божай Ларэтанскай і, нарэшце, уключыў у Ларэтанскую літанію тры новыя заклікі – “Маці міласэрнасці” (Мater misericordiae), “Маці надзеі” (Mater spei), “Палёгка мігрантаў” (Solacium migrantium).

Папа Бэнэдыкт XV, пасля шматлікіх просьбаў авіятараў з усяго свету, якія надыходзілі ў Ватыкан пасля Першай сусветнай вайны, сваім дэкрэтам ад 24 сакавіка 1920 г. абвясціў Мадону з Ларэта “Нябеснай заступніцай авіятараў”.
 

15 жніўня 2020, 11:28