ҽ

Павел VI у Калумбіі Павел VI у Калумбіі  

Павел VI – першы Папа на зямлі Лацінскай Амерыкі

Пяцьдзясят два гады таму нага Пантыфіка ўпершыню ступіла на зямлю Лацінскай Амерыкі. Павел VI знаходзіўся ў Калумбіі з 22 па 25 жніўня 1968 г.

Публікацыі ў газетах таго часу аднаўляюць гісторыю блізкасці Папы да жыхароў краіны. У Багаце ён казаў пра міласэрнасць і справядлівасць, асабліва ў дачыненні да сялян і жыхароў сельскіх раёнаў.

Усяго за чатыры дні Павел VI, які прыбыў у краіну з афіцыйным візітам, стаў для калумбійцаў адкрытым і міласэрным “Папу Пауло”, старым сябрам, які, ступіўшы на зямлю Багаты, пацалаваў яе. Візіт ператварыўся ў бесперапынны людскі рух: толькі ўздоўж дарогі паміж аэрапортам і катэдрай на плошчы Балівара Папу сустракалі два мільёны чалавек. На працягу чатырох дзён Павел VI пакорліва абвяшчаў Евангелле міру на кантыненце, які стаў закладнікам ваенных дыктатур.

Павел VI у Калумбіі
Павел VI у Калумбіі

Шчыльная праграма візіту ўключала каля дваццаці сустрэч. Не ўсе яны суправаджаліся працяглымі прамовамі, але ўсе былі доўгачаканымі. Пантыфік сустракаўся не толькі з моцнымі гэтага свету, але і з самымі малымі. Багатых і алігархаў ён рашуча заклікаў адарвацца ад статычнага характару іх становішча, якое можа быць прывілеяваным ці здавацца такім, і паставіць сябе на службу тым, хто мае патрэбу ў іх багацці.

Падчас гістарычнай св. Імшы, у якой удзельнічалі 300 тыс. жыхароў сельскіх раёнаў, прагучалі словы Папы, якія кранулі ўсіх: “Мы ведаем умовы вашага існавання: для многіх яны жудасныя і мізэрныя і часта саступаюць нармальным патрэбам чалавечага жыцця. Цяпер вы слухаеце нас моўчкі: мы ж чуем крык, які выходзіць ад вашага болю і ад пакут большай часткі чалавецтва”.

Павел VI у Калумбіі
Павел VI у Калумбіі

Павел VI адкрыў Міжнародны эўхарыстычны кангрэс і Другую генеральную асамблею епіскапатаў Лацінскай Амерыкі. А пастырам кантынента ён паказаў дарогу міласэрнай любові: “Нянавісць і гвалт не могуць быць сілай нашай міласэрнасці. Сярод розных шляхоў да справядлівага грамадскага адраджэння мы не можам выбіраць ні атэістычны марксізм, ні шлях сістэматычнага паўстання, ні тым больш шлях крыві і анархіі”.
 

25 жніўня 2020, 11:54