Першая сусветная анлайн-пілігрымка ў санктуарый у Лурдзе
Віртуальная духоўная сустрэча будзе праходзіць на працягу ўсяго дня ў гадавіну васямнаццатага і апошняга аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1858 г. св. Бэрнадэце Субіру.
У прамым эфіры з лурдскага грота пілігрымка збярэ пад знакам надзеі і салідарнасці мільёны вернікаў з усіх кантынентаў праз тэлебачанне, радыё і сацыяльныя сеткі. Падрабязнасці ініцыятывы апублікаваны на сайце
У праграме мерапрыемства: св. Імша, малітва Літургіі гадзін, працэсія з рэліквіямі св. Бэрнатэты Субіру, Ружанец на дзесяці мовах, іншыя набажэнствы. Прадстаўнікі грамадзянскіх і касцёльных уладаў распавядуць пра сваю сувязь з Лурдам. Яны прысвецяць свае выступленні тэмам салідарнасці, братэрства, узаемадапамогі, адказнасці, надзеі і пошуку сэнса.
У ходзе прамых трансляцый будуць перадавацца рэпартажы, архіўныя відэа, жывая музыка і іншыя відэаматэрыялы, якія тлумачаць місію і важныя моманты гісторыі французскага санктуарыя. Удзельнікі сустрэчы змогуць дакрануцца да духоўнасці Лурда, а таксама матэрыяльна дапамагчы санктуарыю працягваць служэнне.
Кожны год гэты міжнародны духоўны цэнтр мабілізуе амаль 100 тыс. валанцёраў для прыёма 3 мільёнаў пілігрымаў з усяго свету, уключаючы больш за 50 тыс. хворых і інвалідаў. Сёлета – упершыню за ўсю сваю гісторыю – санктуарый быў закрыты больш чым на два месяцы. Касцёльныя ўлады былі вымушаны адмяніць усе пілігрымкі.
Цяпер гэта месца часткова адкрыта для наведвальнікаў, але можа прыняць толькі абмежаваную колькасць гасцей, адпаведна строгаму санітарнаму пратаколу. Без пілігрымаў санктуарый губляе значныя рэсурсы для выканання сваёй місіі, для падтрымкі ўсяго аб’екту і забеспячэння працай 320 сваіх супрацоўнікаў. Лурд перажывае сур’ёзныя эканамічныя цяжкасці. Паводле падлікаў, страты дасягнуць 8 мільёнаў еўра.
Духоўная ініцыятыва Lourdes United павінна дапамагчы “вярнуць” тысячы пілігрымаў і заклікаць да салідарнасці вернікаў з усяго свету, каб санктуарый мог і далей аказваць свае паслугі людзям.
Ва ўмовах актуальнага эканамічнага і сацыяльнага крызісу асабліва важныя братэрства, шчодрасць і надзея, звязаныя з Лурдам на працягу 162 гадоў. У апошнія месяцы капеланы мясцовай базылікі прыносілі да стоп Багародзіцы малітвы аб хворым, пакутуючым свеце, сотні тысяч просьбаў, роспачных крыкаў аб дапамозе, а таксама сведчанні надзеі з многіх краін свету.
15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, сюды прыбудзе з візітам кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, бліжэйшы супрацоўнік папы Францішка. Высокі ватыканскі іерарх наведае Лурд у якасці Дзяржсакратара ўжо ў трэці раз. У 2017 г. ён быў тут як легат Святога Айца на Сусветны дзень хворых, а ў 2018 г. прыняў удзел у міжнародным святкаванні ўспаміну св. Францішка Сальскага, апекуна каталіцкіх СМІ.