ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: пандэмія зрабіла людзей больш адкрытымі на рэлігію

Католікі ў Швецыі складаюць каля 2% насельніцтва краіны, але ў актуальных абставінах, яны маюць шмат магчымасцей, каб быць крэатыўнай і евангелізацыйнай меншасцю, - лічыць кардынал Андэрс Арбарэліус.

Арцыбіскуп Стакгольма зазначыў, што падчас крызісу, выкліканага пандэміяй карановіруса, многія людзі пераканаліся ў абмежаваннях спажывальніцкай культуры і сёння выглядаюць больш адкрытымі на рэлігійныя і духоўныя справы.

Разважаючы пра задачы католікаў у шведскіх рэаліях у інтэрв’ю інтэрнэт-выданню Nuova Bussola Quotidiana іерарх падкрэсліў, што ў першую чаргу яны павінны прыняць сваю сітуацыю, той факт, што яны – малы статак, які, аднак, імкнецца наследаваць Езуса Хрыста ў секулярызаваным асяроддзі.

Кардынал заўважыў, што сучасны свет вельмі шумны. Людзі не маюць магчымасці жыць у цішыні,  пастаянна вымушаны штосьці слухаць, але ў той жа час з’яўляюцца спрагнёнымі па цішыні і магчымасці пабыць у адзіноце. Менавіта таму шматлікія няверуючыя людзі звяртаюцца ў каталіцкія кляштары і рэкалекцыйныя дамы, каб адпачыць ад мітусні сучаснага свету. Гэта выдатная магчымасць для евангелізацыі, - падкрэсліў арцыбіскуп Стакгольма.

Іерарх распавёў, што ў Швецыі быў добры прыняты твор св. Яна ад Крыжа “Цёмная ноч душы”, перакладзены на шведскую мову вядомым паэтам Яльмарам Гульбэртам. Гэта кніга ў пэўным сэнсе даволі блізкая менталітэту і тэмпераменту шведаў. Гэта праўда, што яны вельмі секулярызаваныя, але перакананых атэістаў сярод іх няшмат. Яны не ходзяць у касцёл, але застаюцца адкрытымі на таямніцы прыроды і стварэння, - сказаў кардынал Арбарэліус.

“Тут у Швецыі мы жывём у цемры большую частку года. Паэзія св. Яна ад Крыжа мае штосьці супольнае з досведам мноства людзей у гэтай краіне, якія заўважаюць у стварэнні сляды Бога, схаванага і невядомага”, - дадаў арцыбіскуп Стакгольма.
 

15 ліпеня 2020, 11:28