ҽ

Sant’Antonio, affresco Scuola Giottesca, Basilica di Padova_ particolare.jpg

Папа: св. Антоній – прыклад увагі да бедных і адстойвання праўды

Св. Антоній Падуанскі – святы старажытны, але таксама вельмі сучасны і бліскучы ў сваёй інтуіцыі; ён можа стаць узорам для сучаснай моладзі, - перакананы Францішак.

Папа напісаў ліст да генеральнага настаяцеля канвентуальных францішканаў з нагоды 800-годдзя ўступлення св. Антонія ў Ордэн Меншых Братоў.

Пантыфік у некалькіх словах узгадаў генезіс францішканскага паклікання вялікага святога, які стаў не толькі адным з першых спадарожнікаў св. Францішка, але і гарачым энтузіястам яго духоўнага шляху пасля смерці.

Перш чым адкрыць для сябе Бедняка з Асізі, Антоній ужо быў перспектыўным тэолагам і рэгулярным канонікам св. Аўгустына. У роднай Партугаліі тады яшчэ Фернанда сустрэў пяцёра францішканаў, якія накіроўваліся ў Марока, каб прапаведаваць мусульманам хрысціянскую веру. Даведаўшыся пра іх мучаніцкую смерць, ён вырашыў, як нагадаў Папа, што яго жыццё павінна змяніцца. Уступіўшы ў закон Меншых Братоў, прыняў імя Антоній. Спачатку выехаў на місію ў Марока, але потым провід накіраваў яго ў Італію, дзе асабіста сустрэў св. Францішка. Ён заўзята прапаведаваў Евангелле і выкладаў тэалогію ў Італіі і Францыі. Напрыканцы свайго кароткага жыцця пасяліўся ў Падуі, дзе і знаходзіцца зараз яго магіла. Ён памёр ва ўзросце 36 гадоў.

Успамінаючы 800-годдзе францішканскага паклікання св. Антонія, Пантыфік выказаў пажаданне, каб падзея выклікала ў яго сабратах і прыхільніках тую ж святую трывогу, якая кіравала ім на светлых шляхах сведчання словам і справай Божай любові. Яго прыклад увагі да бедных, адстойвання праўды і справядлівасці сёння можа стаць стымулам да самаахвярнага дару сябе, - напісаў Францішак, заклікаючы, асабліва моладзь, наследаваць св. Антонія Падуанскага.

03 чэрвеня 2020, 14:02