ҽ

Incontro-comune-CCEE-e-Comece-loghi-delle-strutture.jpg

Еўрапейскія біскупы пра Касцёл падчас і пасля каронавіруса

Уплыў пандэміі COVID-19 на паўсядзённае жыццё Касцёла і еўрапейскага грамадства, а таксама ўклад католікаў у “справядлівае адраджэнне, якое не пакідае нікога”, - такія тэмы абмеркавалі еўрапейскія іерархі.

3 чэрвеня 2020 г. прайшло штогадовае сумеснае пасяджэнне кіраўніцтва Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).

Іерархі прааналізавалі ўплыў пандэміі на грамадзянскую і касцёльную супольнасці кантынента і вызначылі магчымасці супрацоўніцтва. Яны чарговы раз выказалі блізкасць Касцёла да ўсіх, хто змагаецца з пандэміяй і знаходзіцца на перадавой, дапамагаючы пацярпелым. Біскупаў непакоіць “эканамічны крызіс і страта вялікай колькасцю людзей працоўных месцаў”. Яны спадзяюцца, што ў Еўропе ўсе разам будуць працаваць на карысць аднаўлення, не пакідаючы без увагі нікога.

Была падкрэслена асаблівая роля сям’і ў крызісны перыяд. Гэта “сапраўдная ячэйка салідарнасці і абмену, але таксама месца агульнай малітвы”. “Інвестыцыі ў сям’ю – гэта першы крок да сумленнага сацыяльнага, эканамічнага і касцёльнага аднаўлення”, - заявіў прэзідыум CCEE і COMECE.

Кіраўніцтва абедзвюх біскупскіх асацыяцый адзначыла сур’ёзнае абмежаванне свабоды веравызнання ў кантэксце закрыцця храмаў і забароны публічных набажэнстваў, заклікаючы аднавіць нармальныя адносіны дзяржавы і Касцёла, заснаваныя на дыялогу і павазе да асноўных правоў.

Удзельнікі сустрэчы падзякавалі шматлікім святарам за іх ключавое і шчодрае служэнне ў гэты перыяд і нагадалі, што некаторыя з іх ахвяравалі сваім жыццём. Біскупы прааналізавалі ролю сацыяльных медыя і прамых трансляцый набажэнстваў.

“Новыя формы рэлігійнай практыкі, стварэння адносін, прысутнасці і абмену верай заклікаюць нас не толькі даць ацэнку магчымасці надання новага сэнсу веры і Касцёлу, але і працаваць над тым, каб шматлікія вернікі адкрылі для сябе элемент поўнай сакрамэнтальнасці рэлігійных цэлебрацый у месцах культу, чаго не можа даць выкарыстанне новых тэхналогій”, - гаворыцца ў камюніке.

Пасяджэнне Рады і Камісіі епіскапатаў, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, прайшло ў форме відэаканферэнцыі.

06 чэрвеня 2020, 13:13