ҽ

2020.01.25-Cardinale-Re-02.jpg

Дэкан калегіі кардыналаў пра палітыку Святога Пасаду ў Кітаі

Кардынал Джавані Батыста Рэ падтрымаў палітыку Святога Пасаду адносна Кітая. Яго ліст, абнародаваны ў інтэрнэце, стаў рэакцыяй на пазіцыю кардынала Джозэфа Чэнь Жыцзюня па гэтым пытанні.

Дэкан Калегіі кардыналаў адхіляе крытыку біскупа-эмерыта Ганконга супраць нядаўняга дыпламатычнага збліжэння паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Курс Францішка ідзе па лініі яго папярэднікаў, запэўніў кардынал Рэ. І Ян Павел II, і Бэнэдыкт XVI выступалі за дыялог, улічваючы сітуацыю католікаў у Кітаі. Дамова аб прызначэнні біскупаў, заключаная з кітайскім урадам у 2018 г., нефармальна функцыянуе “больш за 20 гадоў”. Працэс падтрымліваў кожны з трох Пантыфікаў.

У сваім лісце да Калегіі кардыналаў яе Дэкан нагадаў, што душпастырскія кіруючыя прынцыпы для кітайскага духавенства, абнародаваныя Святым Пасадам у чэрвені, абараняюць веру ў складанай сітуацыі. “Сур’ёзныя заявы кардынала Чэня супраць курсу Папы балючыя, тым больш, што Францішак заўсёды яго слухаў. Такія канфлікты дэманструюць, наколькі складаным з’яўляецца шлях Касцёла ў Кітаі”, - чытаем у лісце. Іерарх заклікае ўсіх кардыналаў цесна супрацоўнічаць з Пантыфікам.

Вызначыць колькасць католікаў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы вельмі складана па некалькіх прычынах. Перш за ўсё, няма дакладнай статыстыкі адносна рэлігійнага жыцця, не толькі хрысціянства. Эксперты кажуць пра 9-12 мільёнаў каталікоў – 1% ад усяго насельніцтва Паднябеснай, але паводле афіцыйных звестак іх колькасць не перавышае 6 мільёнаў.

Адрозненні ў лічбах распаўсюджваюцца і на іншыя сегменты жыцця Касцёла: па дадзеных вельмі інфармаванага ганконгскага Даследчага цэнтра Святога Духа, у Кітаі 138 каталіцкіх дыяцэзій, у тым ліку 116 “актыўных”, тых, якія вядуць нейкую дзейнасць, і 22 “пасіўныя”, пра якія нічога не вядома. Між тым, Патрыятычная асацыяцыя кітайскіх католікаў, якая знаходзіцца пад кантролем уладаў, і афіцыйная, таксама кантраляваная, Рада Біскупаў Кітая заяўляюць, што ў краіне дзейнічаюць 97 дыяцэзій.

Паводле звестак Цэнтра Святога Духа, мясцовы Касцёл у 2019 г. годзе меў 67 біскупаў у “афіцыйным” Касцёле і 37 – у “падпольным”, а афіцыйныя дадзеныя кажуць пра 60 дыяцэзіяльных і дапаможных біскупаў – у іх гаворка ідзе выключна пра “афіцыйны” або “патрыятычны” Касцёл.

Паводле ацэнак, у Кітаі каля 2,6 тыс. святароў, якія належаць да Патрыятычнай асацыяцыі кітайскіх католікаў, і звыш 1,4 тыс. – да “падпольнага” Касцёла. Даследчы цэнтр Святога Духа паведамляе пра існаванне ў краіне 10 вышэйшых духоўных семінарый.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 сакавіка 2020, 12:32