Турынская Плашчаніца: жывое Евангелле падчас сустрэчы Тэзэ
Арцыбіскуп Чэзарэ Назілья звярнуў увагу на вялікую традыцыю Турына, калі гаворка ідзе пра служэнне моладзі. Менавіта тут працаваў св. Дон Боска. У сталіцы П’емонта знаходзіцца магіла бл. П’ер Джорджыа Фрасаці, які карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод маладых католікаў.
Турынскі Мітрапаліт адзначыў, што сустрэча моладзі стане часам духоўнага абнаўлення для горада. Менавіта з гэтай прычыны ён прыняў рашэнне аб надзвычайным выстаўленні Турынскай Плашчаніцы.
“Вынясенне Плашчаніцы будзе ўключана ў праграму падзеі, і гэта, безумоўна, стане адным з самых важных штрыхоў сустрэчы, - сказаў арцыбіскуп Назілья. - Дзякуючы гэтаму моладзь атрымае прамы доступ да Евангелля, бо Плашчаніца – гэта жывое Евангелле, якое мы можам разглядаць як нешта датыкальнае. Плашчаніца – гэта керыгма, якая абвяшчае смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Варта ўзгадаць тое, што папа Францішак кажа пра яе: не мы глядзім у твар Плашчаніцы, але яна глядзіць на нас. Хрыстус глядзіць на нас і хоча, каб мы ўбачылі, наколькі вялікая Яго любоў да мяне і ўсяго чалавецтва. Я аддаў сваё жыццё за цябе, - кажа нам Хрыстус з Плашчаніцы, - і хачу, каб ты быў гатовы аддаць жыццё за сваіх братоў, асабліва за самых бедных і пакутуючых”.
Еўрапейская сустрэча моладзі ў Турыне будзе праходзіць з 28 снежня 2020 г. па 1 студзеня 2021 г.