ҽ

Біскуп Амброджа Спрэафіка пра каталіцка-юдэйскі дыялог Біскуп Амброджа Спрэафіка пра каталіцка-юдэйскі дыялог 

Касцёл у Італіі: Дзень паглыблення каталіцка-юдэйскага дыялогу

Дзень паглыблення і развіцця дыялогу паміж католікамі і юдэямі: на ўзроўні канкрэтных рэлігійных супольнасцей усё яшчэ пераважаюць узаемная аддаленасць і прадузятасць, лічыць біскуп Амброджа Спрэафіка.

16 студзеня 2020 г. ва ўсіх дыяцэзіях Італіі ўжо ў 31-ы раз прайшоў традыцыйны Дзень паглыблення і развіцця дыялогу паміж католікамі і юдэямі. На гэты раз крыніцай для сумесных разважанняў быў абраны тэкст “Песні песняў Саламона” – кнігі Старога Запавету, якая ўваходзіць у склад яўрэйскай Бібліі (Танаха).

Каментуючы такі выбар, біскуп Амброджа Спрэафіка, старшыня Камісіі па пытаннях экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу, выказаў спадзяванне, што гэты тэкст дапаможа ўвайсці ў глыбінны змест яўрэйскай Літургіі, у рэлігійныя святы і традыцыі юдаізму.

У сваю чаргу, галоўны рабін Генуі Джузэпэ Мамільяна выказаў спадзяванне, што спалучэнне яўрэскага і хрысціянскага падыходаў да тлумачэння кніг Старога Запавету, у прыватнасці “Песні песняў Саламона”, якая “валодае вялікай паэтычнай моцай” і “адлюстроўвае пошук і стасункі любові, у прыватнасці, паміж Панам Богам і народам Ізраіля”, а ва ўніверсальным сэнсе – паміж Богам і кожнай чалавечай душой, паспрыяе стварэнню добрай атмасферы для міжрэлігійнага дыялогу, заснаванага на вывучэнні і аналізе кніг Бібліі, і ўзмацненню сумесных сацыяльна карысных намаганняў.

Ацэньваючы прагрэс каталіцка-юдэйскага дыялогу, біскуп Спрэафіка выказаў меркаванне, што на ўзроўні Святога Пасаду і Вярхоўнага Рабінату Ізраіля шлях узаемнага пазнання і паглыблення сувязей, якія існуюць паміж дзвюма рэлігіямі, ажыццяўляецца са значна больш відавочным поспехам, чым на ўзроўні народу Божага, канкрэтных рэлігійных супольнасцей, дзе, нягледзячы на шматлікія сумесныя ініцыятывы, усё яшчэ пераважаюць узаемная аддаленасць, прадузятасць і невуцтва ў пытаннях духоўнага жыцця.

На думку іерарха, католікі ў пераважнай большасці маюць звычку ўспрымаць юдаізм як з’яву мінулага, суадносіць яго са Старым Запаветам, хоць насамрэч гэта існуючыя сёння сярод нас супольнасці.

“Яны не адрозніваюцца ад нас, яны іншыя ў тым сэнсе, што маюць вопыт веры, рэлігійны і культурны вопыт, які мае сваю адметнасць, аднак яны жывуць сярод нас, а значыць, з’яўляюцца часткай нашай штодзённасці, і ў гэтым павінны былі б узрастаць і больш цесныя стасункі, і лепшае ўзаемапазнанне”, - заключыў іерарх.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
17 студзеня 2020, 12:28