ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак запрасіў французскіх міністрантаў у Рым

“Дарагі сябар!”, - так вельмі асабіста пачынаецца відэазварот Францішка да французскіх міністрантаў. У Рыме чакаецца прыбыццё вялікай пілігрымкі юнакоў і дзяўчат, задзейнічаных у службе алтара.

“Я рады запрасіць цябе (...) прыняць удзел у вялікай пілігрымцы міністрантаў у Рым, арганізаванай Касцёлам у Францыі наступным летам. Пан Езус паклікаў цябе служыць яму ў літургіі св. Імшы. Гэта ўнікальная магчымасць для цябе сустрэць Яго, палюбіць Яго больш, працаваць дзеля Яго”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што “мы ўсе пакліканы служыць Хрысту ў паўсядзённым жыцці, у сустрэчы з нашымі братамі і сёстрамі: для нас усіх – гэта місія”.

Пантыфік лічыць, што малітва на магілах святых Пятра і Паўла, успамін пра іх мужнае сведчанне стануць для моладзі матывацыяй для па-сапраўднаму хрысціянскага жыцця, нягледзячы на супярэчнасці і крытыку, з якімі сёння можна сутыкнуцца.

“Мы будзем мець радасную магчымасць сустрэцца ўсім разам. І ты таксама сустрэнеш іншых маладых людзей, якіх пакуль не ведаеш, але якія выконваюць тую ж службу, якія падзяляюць тую ж веру”, - заўважыў Пантыфік і запрасіў на сустрэчу ўсіх, хто мае жаданне, не толькі хрысціян: “усе разам мы мацнейшыя, у нас больш смеласці, каб ісці наперад”.

“Я буду чакаць цябе ў Рыме з 24 па 28 жніўня 2020 г. А пакуль я малюся за цябе і ўсіх, хто побач. І прашу цябе, не забудзься памаліцца за мяне. Мне гэта патрэбна, бо маё служэнне не простае! Няхай Панна Марыя сцеражэ цябе і няхай Бог цябе благаславіць!”, - завяршыў свой відэазварот да французскіх міністрантаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лістапада 2019, 15:15