ҽ

Арцыбіскуп Тамкявічус побач з Папам падчас Апостальскага візіту ў Літву Арцыбіскуп Тамкявічус побач з Папам падчас Апостальскага візіту ў Літву 

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра новага кардынала з Літвы

“Ведаю яго як сціплага, простага, сяброўскага і адданага Богу і Касцёлу пастыра”, - так ахарактарызаваў арцыбіскуп Кандрусевіч названага сярод новых кардыналаў арцыбіскупа Сігітаса Тамкявічуса.

1 верасня 2019 г. Францішак абвясціў аб прызначэнні 13 новых кардыналаў, сярод іх прагучала імя былога палітычнага вязня. “Я ўпершыню пачуў пра нязломнага барацьбіта за свабоду веры і правы вернікаў кс. Сігітаса Тамкявічуса падчас вучобы ў Каўнаскай духоўнай семінарыі (1976-81 гг.). Ён быў рэдактарам падпольнай газеты “Хроніка літоўскага Каталіцкага Касцёла”, у якой друкаваліся матэрыялы пра пераслед вернікаў. Быў таксама адным з заснавальнікаў Камітэту абароны правоў вернікаў. Шырокага рэзанансу ў Літве, і не толькі, набраў яго арышт у 1983 г. і прабыванне да 1988 г. у Пермскіх і Мардоўскіх лагерах. Пасля гэтага ён быў высланы ў Сібір, але хутка звольнены. Дзейнасць кс. Тамкявічуса набыла ўсеагульную павагу ў вернікаў Літвы. Ён стаў сапраўдным нацыянальным героем”, - узгадвае арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі.

“Памятаю, як падчас святкавання Вялікага Юбілею хрысціянства ў 2000 годзе ў Пермі быў арганізаваны міжрэлігійны Юбілей вязняў. На яго быў запрошаны і арцыбіскуп-мітрапаліт Каўнаскі Тамкявічус. Мы наведалі лагер, які знаходзіўся побач таго, дзе ён быў зняволены ў 1980-х гадах. Іерарх распавядаў нам пра час у лагеры. Ён разам з іншымі вязнямі працаваў на лесапавале. Было цяжка, але ў тайзе адчуваўся дух свабоды. У апавяданнях арцыбіскупа не было ніякай злосці, ён проста канстатаваў факты. Гаварыў, што і сярод ахоўнікаў былі добрыя людзі, якія спачувалі і стараліся дапамагчы. Усе зняволеныя былі палітвязнямі, таму між імі існаваў дух салідарнасці. У лагеры ён заставаўся святаром і выконваў па меры магчымасцей свае святарскія абавязкі. Св. Імшу цэлебраваў седзячы плячыма да дзвярэй, каб не бачыў ахоўнік. Замест келіха выкарыстоўваў далонь. Такой была сістэма, з якой ён змагаўся і ў перамогу над якой унёс свой уклад”, - падзяліўся арцыбіскуп Кандрусевіч сваімі ўспамінамі пра новага кардынала.

Беларускі іерарх заўважыў, што “адрынуты атэістычнай сістэмай “вораг народу” і палітвязень, сёння становіцца Князем Касцёла”. Тамкявічус стаў першым кардыналам, прызначаным у краінах былога Савецкага Саюза ў трэцім тысячагоддзі – і падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI, і за 6 гадоў пантыфікату Францішка такога не адбывалася.

Арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць, што гэта па-сапраўднаму гістарычная падзея. “Новы літоўскі кардынал – гэта прызнанне заслуг не толькі Касцёла ў Літве, але і ў былым Саюзе, тым больш што Сігітас Тамкявічус шмат часу правёў як вязень у Расіі, а ў апошнія часы ездзіць туды, наведвае мясціны ссылкі, прымае ўдзел у розных набажэнствах і праводзіць рэкалекцыі”, - заўважыў ён. Іерарх выказаў спадзяванне, што новы пурпурат “будзе ранішняй зоркай на небасхіле Касцёла ў краінах былога СССР”.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 верасня 2019, 14:39