ҽ

Маці Божая Фацімская. Ілюстрацыйнае фота Маці Божая Фацімская. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі кардынал на пілігрымцы мігрантаў у Фаціме

Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў 12 жніўня 2019 г. вечарам узначаліў у Фаціме св. Імшу для ўдзельнікаў партугальскай нацыянальнай пілігрымкі мігрантаў і бежанцаў.

У гаміліі кардынал Марк Уэле назваў сабраных у санктуарыі Божымі пасланцамі. Ён таксама ўзгадаў тых, хто страціў жыццё, спрабуючы ўцячы ад войнаў і няшчасця.

Літургія стала галоўнай падзеяй 47-га Тыдня міграцыі, які Касцёл у Партугаліі праводзіць з 11 па 18 жніўня. Падзею прымеркавалі да ўшанавання гадавіны аб’яўлення Маці Божай тром пастушкам у жніўні 1917 г.

Госць з Ватыкана назваў мігрантаў “народам, які складаецца з безабаронных, адкінутых, непаважаных і пагарджаных асоб, як і Укрыжаваны Хрыстус”. “Дарагія мігранты і бежанцы, у вашых перыпетыях падарожжа дадому, які Бог рыхтуе для сваіх дзяцей, вы можаце знайсці сведчанні любові хрысціян і нехрысціян, якія дазволяць вам захаваць надзею на гэтым шляху”, - сказаў кардынал Уэле.

Кардынал Марк Уэле
Кардынал Марк Уэле

Ён адзначыў, што любоў Бога да людзей стымулюе ахрышчаных дзяліцца такой жа самаадданай любоўю з іншымі, асабліва з тымі, каго папа Францішак называе “апошнімі” – гэта падманутыя, пакінутыя, катаваныя, ахвяры гвалту, тыя, з каго здзекуюцца. “Ваша салідарнасць з імі, якая выяўляецца ў гэтай пілігрымцы, з’яўляецца знакам часу і знакам Бога, Які дзейнічае ў гісторыі, Бога, Які праз свой народ, што знаходзіцца на шляху, раскрывае глыбокія памкненні чалавецтва, фактычна пераўзыходзячы зямны гарызонт”, - сказаў прапаведнік.

На заканчэнне Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў звярнуўся да пілігрымаў-мігрантаў з заахвочваннем: “Вы – пасланцы Бога, Які праз вас нагадвае ўсім пра агульны лёс чалавецтва на шляху да дома Божага, нябеснага Ерузалему, абяцанага ўсім людзям добрай волі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 жніўня 2019, 12:45