ҽ

Францішак падчас пахавальнай св. Імшы кардынала Сардзі Францішак падчас пахавальнай св. Імшы кардынала Сардзі 

Пантыфік моліцца за памерлага кардынала Сардзі

Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Паола Сардзі. Італьянскі іерарх адышоў у вечнасць 13 ліпеня 2019 г. у Рыме на 85-м годзе жыцця.

“Узношу падзяку Богу за ўзорнае сведчанне памерлага пурпурата, які прысвяціў служэнню Святому Пасаду большую частку свайго жыцця”, - напісаў Пантыфік у спачувальнай тэлеграме.

Звяртаючы ўвагу на высокую тэалагічную падрыхтоўку іерарха, яго святарскі дух, дар разважлівасці і мудрасці, Францішак падкрэсліў важнасць яго ўкладу ў вучэнне св. Паўла VI, Яна Паўла І, св. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI.

“Мая малітва далучаецца да малітвы шматлікіх вернікаў, якія штодзённа набліжаліся да алтара ватыканскай базылікі, дзе ён цэлебраваў св. Імшу”, - дадаў Папа.

15 ліпеня 2019 г. у базыліцы св. Пятра прайшла пахавальная літургія за памерлага іерарха, якую ўзначаліў кардынал Тарчызіа Бэртонэ. На яе заканчэнне Францішак здзейсніў абрад апошняга развітання.

Кардынал Паола Сардзі нарадзіўся ў 1934 г. у Рыдальконэ, на поўначы Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1958 г. Вывучаў тэалогію і кананічнае права Касцёла, займаўся душпастырскай і выкладчыцкай дзейнасцю. З 1978 г. – на службе ў Дзяржсакратарыяце. У 1996 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго нунцыем са спецыяльнымі абавязкамі і ўдзяліў яму біскупскую сакру. З 2004 г. па 2011 г. – віцэ-камерленга Святога Рымскага Касцёла.

У 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў кардынал Сардзі Про-патронам Суверэннага Вайсковага Мальтыйскага Ордэну, а праз год – уключыў яго ў Калегію кардыналаў і прызначыў Патронам Мальтыйскага Ордэну. Іерарх прымаў удзел у канклаве, на якім быў выбраны Францішак. У 2014 г. выйшаў на пенсію.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
15 ліпеня 2019, 09:29