ҽ

Папа Францішак Папа Францішак 

Касцёл на шляху да нарады па абароне непаўналетніх

Ватыканская сустрэча па абароне непаўналетніх, на якую збяруцца біскупы з усяго свету, гэта не пачатак “з нуля”, але падзея, пакліканая даць новы імпульс для далейшых крокаў, заўважыў кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Шматгадовы старшыня Залы Друку Апостальскай Сталіцы і блізкі паплечнік Бэнэдыкта XVI напісаў артыкул “У напрамку біскупскай сустрэчы па абароне непаўналетніх”. Ён быў надрукаваны на старонках старажытнейшага італьянскага каталіцкага выдання “La Civiltà Catolica”.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што праблема злоўжыванняў у Касцёле не з’яўляецца пераважна “заходняй”, не тычыцца толькі Злучаных Штатаў Амерыкі ці іншых англамоўных краін. Таму, каб яе вырашыць і пазбегнуць драматычных сітуацый у будучыні, “трэба паглядзець у твар рэчаіснасці”, дадаў ён.

Езуіт падкрэсліў, што нярэдка ў Касцёле кажуць, што, маўляў, настаў час, каб “змяніць тэму”. “Але гэта памылковы шлях”, бо “калі не вырашыць гэту праблему да канца ва ўсіх яе аспектах, Касцёл працягне апынацца перад крызісамі, што будуць наступаць адзін пасля аднаго”, будзе “паранена” пераканаўчасць святароў і будзе нанесена шкода місіі Касцёла, “пакліканага да абвяшчэння Евангелля і выхаваўчай працы з дзецьмі і моладдзю”.

Нагадваючы гісторыю крызіса, звязанага з сексуальнымі злоўжываннямі, кс. Ламбардзі заўважыў, што ўпершыню з ім давялося сустрэцца пасля 2000 г. у ЗША. Св. Ян Павел ІІ павінен быў адказваць на яго цягам апошніх гадоў свайго пантыфікату. “Цяжкі ўрок”, дадзены падзеямі ў Бостанскай архідыяцэзіі, з’яўляецца “вельмі ясным, нават калі быў зразуметы і прыняты з цяжкасцю”.

На думку кс. Ламбардзі ў першую чаргу павінен быць перагледжаны падыход да “выбару і фармацыі кандыдатаў да святарства”. Таксама нельга абараняць пазіцыю касцёльных уладаў, якія спрабавалі замоўчваць праўду, каб пазбегнуць скандалаў, “хаваючы цяжкія пакуты ахвяр”. Важна таксама быць празрыстымі ў гэтым пытанні перад СМІ і супрацоўнічаць з грамадзянскімі ўладамі.

Былы кіраўнік Залы Друку нагадаў, што Ёзэф Ратцынгер пачаў барацьбу са злоўжываннямі, яшчэ будучы прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, а працягнуў пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра. Менавіта ён распрацаваў “Normae de gravioribus delictis” (Нормы адносна самых цяжкіх злачынстваў), за якімі паследаваў ліст да епіскапатаў ва ўсім свеце, каб дапамагчы біскупам і падрыхтаваць крытэрыі для барацьбы са злоўжываннямі духавенства адносна непаўналетніх. Асабістую адказнасць, якую ўзяў на сябе Бэнэдыкт XVI перад абліччам гэтай драматычнай сітуацыі, “пацвярджаюць таксама яго частыя сустрэчы з ахвярамі падчас Апостальскіх падарожжаў у розныя краіны”.

Паводле езуіта, Францішак працягвае з рашучасцю крочыць шляхам, які праклаў яго папярэднік. Таксама і ён “уключыўся асабіста, сустракаючыся з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў”. Кс. Ламбардзі назваў важным крокам стварэнне ў снежні 2013 г. Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, дзякуючы якой была распрацавана інструкцыя для барацьбы і прадухілення сексуальных злачынстваў у Касцёле, праводзяцца адмысловыя курсы для новапрызначаных біскупаў, а таксама ўстаноўлены Дзень малітвы за ахвяр злоўжыванняў. Святар нагадаў таксама пра дакументы Францішка, які кажа не толькі пра сексуальныя злоўжыванні, але таксама “злоўжыванні ўладай і сумленнем”, а таксама заклікае да шырокага ўдзелу вернікаў у пераадоленні праблемы і барацьбы з рознымі формамі клерыкалізма.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

15 снежня 2018, 15:46