ҽ

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у кулуарах Сінода Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у кулуарах Сінода 

Арцыбіскуп Кандрусевіч: гэта быў “жывы” Сінод

Гэта быў “жывы” Сінод – так вельмі ёмка, адным словам ахарактарызаваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падыходзячы да завяршэння глабальны форум у Ватыкане, прысвечаны пытанням моладзі.

Зацікаўленыя дэлегаты, актуальныя праблемы, жывая гаворка: Сінод-2018 стаў у некаторым сэнсе выключным, а параўнаць прадстаўніку Беларусі ёсць з чым: іерарх не раз быў удзельнікам такіх сустрэч. “Гэты Сінод быў не толькі для моладзі, але і з моладдзю. Не толькі біскупы фарміравалі напрамак прац, але і моладзь, бо яна была вельмі актыўнай, унесла новы подых. Некаторыя нават казалі ў кулуарах – гэта пасланне Святога Духа праз моладзь. Былі апладысменты пасля многіх дакладаў, і такая радасць вялікая, чаго не было раней. Так моладзь сёння сябе паводзіць. Бачна было, што біскупам гэта падабалася”, - апісаў некаторыя моманты іерарх.

Выніковы дакумент Сінода павінен стаць настольнай кнігай для кожнага верніка, кожнага святара літаральна ва ўсім свеце, лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён заўважыў, што на сёлетнім форуме моцна акцэнтавалася сінадальнасць. Моладзь задавала тэмы і тэмп. Моладзь прасіла! “У штодзённым жыцці яны прасілі – не застаўляйце нас адных, будзьце з намі. Напэўна, формы гэтага прабывання побач змяняюцца, бо ў маладых людзей з’яўляецца свая сям’я, дзеці. Але не павінна быць так, што святар цэлебраваў св. Імшу, павіншаваў, і ўсё", - заўважыў старшыня епіскапату Беларусі.

“[Трэба даць магчымасць моладзі быць максімальна блізкай да Касцёла, трэба быць больш уважлівымі да яе. Напэўна, гэта адна з самых вялікіх праблем Касцёла ў Беларусі]”

, - дадаў іерарх.

Вядома, ёсць агульныя праблемы, а ёсць – асаблівасць кожнай з краін. І не можна казаць, што Касцёл у Беларусі не гатовы іх вырашаць. Мэта Сінода таксама – дапамагчы ўбачыць не толькі праблему, але і варыянты яе рашэння. “Не трэба казаць, што мы зусім не гатовыя да такіх тэм. Але мы не можам увайсці ва ўзброеныя сілы, каб там праводзіць душпастырскую працу, заканадаўства не дазваляе, няма інстытуту капеланаў. Напрыклад, у шпіталі, калі мяне папросяць – прыйду. У некаторых бальніцах ёсць капліцы, але гэта ўсё залежыць ад кіраўніка шпіталя. Дазваляе ці не. Таксама ў нас не хапае і чалавечых рэсурсаў”, - заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

А яшчэ, прызнаўся іерарх, Сінод дапамог зрабіць рахунак сумлення – кожнаму і ўсім разам. “Мы павінны паглядзець на сябе, Касцёл павінен паглядзець на сябе. Ці мы дастаткова актыўныя? Ці мы шукаем новыя шляхі душпастырства, тут я маю на ўвазе душпастырства моладзі. Вось у гэтым сэнсе трэба зрабіць рахунак сумлення. Вось мы робім дні моладзі. А ці кожная парафія дасылае дэлегатаў, нават вялікая? Ці ў кожнай парафіі ёсць душпастырства моладзі? Тое ж душпастырства – гадамі па шаблоне. Так не павінна быць. Ёсць выклікі часу, патрабаванні моладзі. Усё змяняецца, трэба адказваць. У гэтым сэнсе таксама рахунак сумлення трэба зрабіць”, - упэўнены прадстаўнік Беларусі на Асамблеі.

Пасланне арцыбіскупа Кандрусевіча Беларускай моладзі

Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі адзначыў, што падчас усяго Сінода адчувае падтрымку сваіх суайчыннікаў. Па ўсёй Беларусі праходзілі малітвы ў інтэнцыі Сінода. Моладзь краіны “хварэе” душой за свой Касцёл. “Хацеў падзякаваць за гэта і звярнуцца да моладзі з думкай, якую прамовіў яшчэ Ян Павел ІІ на юбілейнай сустрэчы моладзі тут, у Рыме ў 2000 г.: “Не бойцеся быць святымі трэцяга тысячагоддзя!”, - сказаў іерарх.

Гэта быў сапраўдны Сінод, лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч. Гэта Сінод, які завяршаецца, але павінен працягвацца – у канкрэтных учынках вернікаў і рашэннях мясцовых Касцёлах на карысць лепшай будучыні.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 кастрычніка 2018, 13:03