ҽ

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Кардынал Дзяржсакратар здзейсніў візіт у Малдову

15-16 верасня 2018 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін здзейсніў візіт у Малдову, прымеркаваны да 25-годдзя прысутнасці Каталіцкага Касцёла ў краіне.

Першым пунктам праграмы падарожжа бліжэйшага супрацоўніка Папы стала сустрэча з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам і іншымі прадстаўнікамі вышэйшай дзяржаўнай улады. Затым іерарх адведаў сталоўку для бедных пад назвай “Папа Францішак”, якой кіруе каталіцкі дабрачынны фонд “Regina Pacis”.

У першы дзень свайго візіту кардынал Паралін прыняў удзел у Сусветным кангрэсе сем’яў, які праходзіў у Кішынёве, і звярнуўся да яго ўдзельнікаў з прамовай. Вечарам, у мясцовым катэдральным касцёле, ён узначаліў св. Імшу падзякі за 25 гадоў прысутнасці Каталіцкага Касцёла ў Малдове.

У нядзелю, 16 верасня, высокі ватыканскі іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў касцёле горада Ціраспаль, які на цяперашні час з’яўляецца сталіцай самаабвешчанай і непрызнанай міжнароднай супольнасцю Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, дзе асвяціў новы алтар. У той жа дзень Дзяржсакратар Яго Святасці Папы вярнуўся ў Рым.

Афіцыйныя структуры Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Рэспублікі Малдова ўзніклі на пачатку 1990-х гадоў. 23 мая 1992 г. былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і гэтай краінай. Праз год св. Ян Павел ІІ заснаваў Апостальскую адміністратуру Малдовы, якая ў 2001 г. была ператворана ў Кішынёўскую дыяцэзію. Яе пастырам з’яўляецца 56-гадовы біскуп Антон Коша. Католікі складаюць каля 0,5% насельніцтва Малдовы.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2018, 10:15