ҽ

Францішак і ўдзельнікі дэлегацыі епіскапату ЗША Францішак і ўдзельнікі дэлегацыі епіскапату ЗША 

Францішак прыняў дэлегацыю епіскапату ЗША

13 верасня 2018 г. Святы Айцец прыняў кіраўніцтва епіскапату Злучаных Штатаў Амерыкі, каб супольна абмеркаваць сітуацыю сексуальных злоўжыванняў у мясцовым Касцёле.

Дэлегацыя складалася з старшыні епіскапату, кардынала Даніэля Дзінарда, віцэ-старшыні, арцыбіскупа Хасэ Орасіа Гомеса, генеральнага сакратара, кс. Браяна Брансфілда, а таксама кардынала Шона Патрыка О’Мэлі, арцыбіскупа Бостанскага, старшыні Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

“Мы ўдзячныя Святому Айцу за тое, што ён прыняў нас на аўдыенцыі. Мы размаўлялі з папам Францішкам аб нашай сітуацыі ў Злучаных Штатах, аб тым як Цела Хрыста пакутуе ад зла сексуальных злоўжыванняў. Папа выслухаў нас вельмі шчыра. Гэта была доўгая, плённая і карысная размова”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні старшыні Канферэнцыі Біскупаў ЗША.

Іерарх распавёў, што напрыканцы аўдыенцыі ўдзельнікі дэлегацыі памаліліся разам са Святым Айцом “Анёл Панскі”, просячы аб Божай міласэрнасці і сіле, патрэбнай для аздараўлення ранаў, выкліканых злоўжываннямі. “Мы з нецярплівасцю чакаем, каб актыўна працягнуць наша супольнае распазнанне, з мэтай вызначэння далейшых і больш эфектыўных крокаў, якія павінны быць зроблены”, - зазначыў кардынал Дзінарда.

12 верасня 2018 г. паведамлялася, што Францішак склікае сустрэчу старшынь епіскапатаў з усяго свету на спецыяльную нараду, прысвечаную абароне непаўналетніх. Яна пройдзе 21-24 лютага 2019 г. у Ватыкане.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

14 верасня 2018, 10:12