ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Еўропы: салідарнасць – шлях да вырашэння праблем

Салідарнасць – гэта правільны і неад’емны шлях вырашэння нацыянальных, міжнародных і глабальных праблем, заўважылі члены Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

17 верасня 2018 г. было апублікавана выніковае паведамленне пленарнага пасяджэння асацыяцыі еўрапейскіх епіскапатаў, якое 13-16 верасня праходзіла ў польскім Познані.

Сёлетні форум быў прысвечаны дапамозе патрабуючым і салідарнасці з імі. У гэтым кантэксце асаблівая ўвага звярталася на важнасць валанцёрскага руху ў Касцёле, без якога няма магчымасці для эфектыўнай працы з беднымі і адрынутымі на ўзбочыну грамадства.

Іерархі звярнулі ўвагу на выклікі, звязаныя з недахопам павагі да жыцця, разводамі, навязваннем гендэрнай ідэалогіі, абмежаваннем свабоды, у тым ліку рэлігійнай. Яны адзначылі важнасць дыялогу на розных узроўнях – экуменічным, міжрэлігійным, грамадскім, – для пераадолення гэтых праблем.

Старшыні еўрапейскіх епіскапатаў і іх дэлегаты абмяркоўвалі і праблему міграцыі. “Мы не з’яўляемся экспертамі ў геапалітыцы, але, як пастыры, мы застаёмся разам з нашымі супольнасцямі ў любых абставінах. Мы падкрэсліваем складанасць гэтай з’явы, але сцвярджаем, разам за Святым Айцом Францішкам, што салідарнасць – гэта правільны і неад’емны шлях рашэння нацыянальных, міжнародных і глабальных праблем”, - напісалі ўдзельнікі форуму.

Наступнае пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы пройдзе 3-6 кастрычніка 2019 г. у Санцьяга дэ Кампастэла, у Іспаніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2018, 10:50