ҽ

Aйцец Ханс Цольнэр Aйцец Ханс Цольнэр 

Абарона дзяцей – не выкананне стандартаў, а місія Касцёла

Боль, сорам, гнеў у каталіцкай і грамадзянскай супольнасці ЗША, гэта рэакцыя, якая падкрэслівае ўсю драму з’явы, лічыць айцец Ханс Цольнэр, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Старшыня Цэнтра па абароне непаўналетніх у Папскім грыгарыянскім універсітэце пракаментаваў для “Pope” сітуацыю пасля публікацыі дакладу аб сексуальных злоўжываннях духавенства ў Пенсільваніі.

“Шакавальныя і жахлівыя лічбы дэманструюць маштаб, што яшчэ некалькі гадоў таму мы не ўсведамлялі. (...) Мы павінны разумець, што многія людзі, якія мелі задачу абароны дзяцей, самі дапускалі злоўжыванні! Мы павінны разумець, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў у Касцёле не дзейнічалі сур’ёзна ў барацьбе з гэтымі злачынствамі, не каралі за іх, больш за тое, часта гэтых людзей – гвалтаўнікоў – абаранялі, у тым ліку іерархія, біскупы і правінцыялы”, - сказаў эксперт.

“[Абарона непаўналетніх, гэта не толькі выкананне стандартаў, але галоўная задача і місія Касцёла, і першымі, хто павінен яе рэалізоўваць, з’яўляюцца святары, духавенства і ўсе людзі, якія працуюць у Касцёле]”

, - падкрэсліў езуіт.

На думку айца Цольнэра, адной з найбольш важных задач у гэты перыяд з’яўляецца разважлівасць у вырашэнні праблем: галоўнае, не трапіць у “пастку” жадання вырашыць усё імгненна і засяродзіцца толькі на павярхоўных жэстах. Трэба паспрабаваць па-сапраўднаму задумацца, “пытаць у малітве, у цішыні, з усім сорамам, з усім сумам і з усёй магчымай шчырасцю Пана, чаго Ён чакае ад нас, што азначае быць святаром сёння, як мы павінны фармаваць новых святароў, да чаго павінны імкнуцца”, - падкрэсліў член Папскай камісіі.

Паводле айца Цольнэра, гаворка ідзе не толькі і не столькі аб тым, што “павінны ці можам выправіць мы”. “Я глыбока перакананы ў тым, што ёсць нешта большае, і што Бог заклікае нас пераасэнсаваць нашы пачуцці і нашы думкі аб Касцёле”, - прызнаўся эксперт па абароне непаўналетніх.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 жніўня 2018, 14:18