ҽ

Фігура Маці Божай Фацімскай Фігура Маці Божай Фацімскай 

Арыгінальная фігура Маці Божай Фацімскай на СДМ-2019

Арыгінальная фігура Маці Божай Фацімскай будзе дастаўлена з партугальскага санктуарыя ў Панаму з нагоды Сусветных дзён моладзі.

Скульптура Найсвяцейшай Панны Марыі, створаная паводле сведчання сястры Лусіі душ Сантуш – адной з трох сведкаў аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме ў 1917 г. – апошні раз пакідала Партугалію ў 2000 г. Дагэтуль яе перыгрынацыя праходзіла па 64-х краінах свету.

Прывесці арыгінальную скульптурную выяву ў Панаму было вырашана ў сувязі з тым, што вялікую пашану да Маці Божай Фацімскай меў св. Ян Павел ІІ – ініцыятар Сусветных дзён моладзі, – а таксама па прычыне шырокай распаўсюджанасці яе культа сярод панамскіх вернікаў, паведаміў арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Улоа Мэндзіета.

Фігура Багародзіцы будзе дастаўлена ў Панаму вечарам 21 студзеня і застанецца тут да 29 студзеня. Спачатку яна будзе захоўвацца ў сталічным касцёле Маці Божай Лурдскай, а потым, 22 студзеня, будзе перанесена ў капліцу на тэрыторыі адмысловага “Парка прабачэння”, дзе ў моладзі будзе магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі. Фігура Маці Божай Фацімскай будзе спадарожнічаць юнакам і дзяўчатам таксама падчас начнога малітоўнага чування і св. Імшы, якую Папа будзе цэлебраваць на заканчэнне форума.

Сусветныя дні моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. пад дэвізам “Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго слова” (Лк 1, 38). Папярэднічаць ім будуць Дні ў дыяцэзіях, якія адбудуцца з 17 па 21 студзеня 2019 г. у Панаме і Коста-Рыцы.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 жніўня 2018, 14:44