ҽ

Кс. Давідэ Пальярані, новы генеральны настаяцель Брацтва св. Пія X. Кс. Давідэ Пальярані, новы генеральны настаяцель Брацтва св. Пія X. 

Абраны новы генеральны настаяцель Брацтва св. Пія X

Новы генеральны настаяцель Брацтва св. Пія X абраны ўдзельнікамі IV Генеральнага капітула супольнасці, які 11-21 ліпеня 2018 г. праходзіць у Швейцарыі.

Аб новых прызначэннях у шэрагах католікаў-традыцыяналістаў 12 ліпеня 2018 г. паведаміў Генеральны дом Брацтва.

На працягу бліжэйшых 12 гадоў на чале Брацтва будзе стаяць кс. Давідэ Пальярані. На пасадзе генеральнага настаяцеля ён зменіць біскупа Бэрнара Фэле, які выконваў адпаведныя кіраўнічыя функцыі папярэдні 24-гадовы перыяд.

47-гадовы Давідэ Пальярані атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1996 г. Пачынаў сваё душпастырскае служэнне ў італьянскім горадзе Рыміні, а пазней працаваў у Сінгапуры. З 2012 г. з’яўляецца рэктарам духоўнай семінарыі “Наша Панна Сузбавіцельніца” у аргентынскім горадзе Ла-Рэха.

Пазней у той жа дзень новаабраны генеральны настаяцель і 40 іншых удзельнікаў Капітула вызначыліся з кандыдатамі на пасаду двух галоўных асістэнтаў кіраўніка Брацтва. Імі сталі 61-гадовы дапаможны біскуп Брацтва Пія X мансеньёр Альфонса дэ Галарэта і 59-гадовы французскі святар Крысціян Бушакур, былы кіраўнік паўднёваамерыканскага аддзялення Брацтва, а з 2014 г. – настаяцель яго французскага аддзялення. Мандаты асістэнтаў генеральнага настаяцеля таксама разлічаны на 12 гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 ліпеня 2018, 14:17