ҽ

Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстратыўнае фота. Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстратыўнае фота. 

Кардынал Паралін пачаў візіт у Чарнагорыю і Сербію

27 чэрвеня 2018 г. распачаўся афіцыйны візіт кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, у Сербію і Чарнагорыю.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі ўпершыню наведае гэту частку Балканскага паўвострава. Мэта яго падарожжа заключаецца ва ўмацаванні адносін паміж Апостальскай Сталіцай і ўзгаданымі краінамі, а таксама ў падтрымцы мясцовага Касцёла.

Першым пунктам візіту кардынала Параліна стане сталіца Чарнагорыі, горад Падгорыца. Іерарх прабудзе тут з 27 па 30 чэрвеня. За гэты час ён сустрэнецца з вышэйшымі прадстаўнікамі палітычных уладаў, кіраўніцтвам мясцовага Касцёла, лідэрамі праваслаўнай і мусульманскай супольнасцей.

28 чэрвеня 2018 г. бліжэйшы супрацоўнік Папы, у суправаджэнні Міністра культуры Чарнагорыі, здзейсніць візіт у былую сталіцу Чарнагорыі, старажытны горад Цэцінэ, а таксама сустрэнецца з духавенствам горада Бар, які знаходзіцца на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора.

29 чэрвеня 2018 г. кардынал Паралін узначаліць св. Імшу у катэдральным касцёле горада Бар і сустрэнецца з мясцовай каталіцкай супольнасцю. У другой палове дня ён накіруецца ў горад Котар, дзе ўзначаліць літургію ў катэдральным касцёле св. Трыфана.

На наступны дзень кіраўнік ватыканскай дыпламатыі прыбудзе ў Сербію. Тут яго таксама чакаюць сустрэчы з вышэйшым палітычным кіраўніцтвам краіны. Кардынал Паралін наведае горад Нові-Сад, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу з мясцовымі вернікамі і прадстаўнікамі Міжнароднай Канферэнцыі Біскупаў імя святых Кірыла і Мятода, у склад якой уваходзяць біскупы з Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі і Косава. Пасля літургіі ён узначаліць цырымонію інаўгурацыі новай сядзібы епіскапату.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 чэрвеня 2018, 13:18