У Ватыкане абнародаваны новы парадак пахавання Папы
Аляксандр Панчанка – Pope
Галоўныя новаўвядзенні – абрад канстатацыі смерці Пантыфіка будзе адбывацца не ў пакоі, а ў асабістай капліцы Пантыфіка. Цела спачылага будзе неадкладна пакладзена ў труну. Выстаўляцца для апошняга развітання яно будзе таксама ў труне, а не на катафалку, як рабілася раней. Замест трох традыцыйных трунаў з кіпарысу, свінцу і дубу будуць выкарыстоўвацца дзве – з цынку і дрэва.
“Абноўлены абрад мае на мэце паказаць, што здзяйсняецца пахаванне пастыра і вучня Хрыста, а не магутнага гэтага свету”, - патлумачыў арцыбіскуп Дыега Равэлі, кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый.
Новая кніга абрадаў заменіць выданне 2000 года, зацверджанае ў 1998 годзе святым Янам Паўлам ІІ, якое выкарыстоўвалася падчас яго пахавання ў 2005 годзе, а таксама, з некаторымі зменамі, падчас пахавання Бэнэдыкта XVI у 2023 годзе.
Пры падрыхтоўцы новага выдання пад увагу браліся некаторыя заўвагі, якія ўзніклі падчас пахаванняў гэтых Пантыфікаў, а таксама ўказанні Францішка, які папрасіў спрасціць абрады і распрацаваць іх такім чынам, каб яны лепш выяўлялі веру Касцёла ва Уваскрослага Хрыста. Новыя абрады былі адаптаваны да змен, унесеных у структуру Рымскай курыі ў 2022 годзе канстытуцыяй Praedicate Evangelium. Улічвалася таксама сучасная тэалагічная і касцельная адчувальнасць і нядаўнія змены ў літургічных кнігах.
Адна з самых значных змен – спрашчэнне тытулаў Святога Айца. Была вернута тэрміналогія, якая выкарыстоўвалася ў трэцім выданні Рымскага імшала 2008 года: Папа, Біскуп Рыма і Пастыр.
У новым выданні былі захаваны тры стацыі – месцы, дзе адбываюцца пахавальныя абрады. Першая – дом спачылага. Новы абрад прадугледжвае, што абрад канстатацыі смерці будзе адбывацца ў асабістай капліцы Папы, а не ў яго пакоі. Цела памерлага павінна быць ужо змешчана ў драўляную труну і яшчэ адну, унутраную, зробленую з цынку, перш чым яно будзе перанесена ў ватыканскую базіліку. Перанос цела ў Апостальскі палац быў выключаны.
Другая стацыя – базіліка святога Пятра. Яна прадугледжвае перанос цела ў базіліку, яго паказ вернікам ужо ў труне, а не на катафалку, і закрыццё труны ўвечары перад пахавальнымі цырымоніяй і святой Імшой.
Трэцяя стацыя – месца пахавання. Абрады ўключаюць перанос цела ў магілу і пахаванне. Яны былі значна спрошчаны за кошт адмовы ад змяшчэння цела ў кіпарысавую, свінцовую і дубовую труны. Цела Папы ўжо будзе знаходзіцца ў двух трунах: цынкавай і драўлянай. Гэта частка выдання таксама ўтрымлівае неабходныя інструкцыі для магчымасці пахавання Пантыфіка ў іншым месцы, акрамя ватыканскай базілікі. У мінулым годзе Францішак заявіў, што хацеў бы быць пахаваным у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.