Арцыбіскуп Галахер здзейсніў афіцыйны візіт у Камерун
Аляксандр Панчанка – Pope
Праграма візіту Сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прадугледжвала сустрэчы з палітычным кіраўніцтвам і біскупамі Камеруна, наведванне Цэнтральна-Афрыканскага каталіцкага ўніверсітэта ў Яўндэ, дзе яму быў прысуджаны тытул Ганаравога доктара, а таксама цэлебрацыю святой Імшы ў сталічнай базіліцы Марыі Каралевы Апосталаў.
У звароце да камерунскага епіскапату арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што Рамачнае пагадненне мае фундаментальную важнасць для ўмацавання сувязі паміж Касцёлам і грамадствам на карысць цэласнага развіцця ўсіх жыхароў краіны і міру.
Іерарх пажадаў, каб каталіцкая супольнасць у Камеруне рабіла свой унёсак у агульнае дабро, будуючы масты, якія дапамогуць аб’яднаць народ. У гэтым кантэксце ён згадаў пра важнасць “сацыяльнага душпастырства”, скіраванага на аказанне дапамогі людзям, незалежна ад іх паходжання і веравызнання. Арцыбіскуп падкрэсліў, што Касцёл павінен дасягаць “экзістэнцыяльных перыферый чалавецтва, каб несці ўсім жыццё ў Езусе Хрысце”.
Папскі дыпламат заклікаў біскупаў рабіць так, каб голас Касцёла па актуальных праблемах грамадства быў чутным і меў “прароцкае вымярэнне”. Ён пажадаў, каб біскупы заставаліся мужнымі перад абліччам насілля, ад якога працягваюць пакутаваць некаторыя рэгіёны краіны, спрыялі прымірэнню, адраджэнню надзеі і справядлівасці.
Асаблівую ўвагу арцыбіскуп Галахер надаў пытанню рэлігійнай свабоды. Ён нагадаў, што “абавязак паважаць рэлігійную свабоду патрабуе, каб палітычная супольнасць гарантавала Касцёлу прастору для дзейнасці”. “Касцёл у Камеруне не павінен разглядацца як адна з няўрадавых арганізацый ці нейкая асацыяцыя, але як партнёр дзяржавы”, з узаемнай павагай да іх адпаведнай аўтаноміі, - сказаў дыпламат, заклікаючы камерунскіх біскупаў не баяцца даносіць да ўладаў погляд вучэння Касцёла на сацыяльныя праблемы.