У Рыме прайшла канферэнцыя на тэму рэлігійнай свабоды
Марыя Валодзіна - Pope
5 чэрвеня 2024 года Суверэнный Мальтыйскі Ордэн правёў канферэнцыю высокага ўзроўню на тэму Рэлігійная свабода і інтэгральнае развіццё чалавека: новая глабальная платформа.
Мерапрыемства праходзіла ў штаб-кватэры Ордэна на Авенцінскім пагорку Рыма. Святы Пасад на ім прадставілі Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, кардынал П'етра Паралін, і Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
У сваёй прамове апошні нагадаў, што дэкларацыя Dignitatis humanae, прынятая Другім Ватыканскім саборам, абвяшчае права чалавека і супольнасці на сацыяльную і грамадзянскую свабоду ў пытаннях рэлігіі, лічачы яго фундаментальным для ўсіх правоў чалавека. "Менавіта права на свабоду сумлення закладае аснову для ўсіх іншых правоў чалавека", - адзначыў арцыбіскуп Галахер.
Дыпламат падкрэсліў, што свабода сумлення абмяжоўвае ўладу дзяржавы і забяспечвае захаванне асноўных правоў чалавека, у той час як "парушэнне права на свабоду веравызнання прыводзіць да падрыву не толькі аднаго гэтага права, але і ўсёй катэгорыі правоў чалавека". Ён звярнуў увагу на трывожны стан свабоды веравызнання ў свеце, адзначыўшы, што амаль 4,9 мільярда чалавек жывуць у краінах з сур'ёзнымі або вельмі сур'ёзнымі парушэннямі свабоды веравызнання. Нападам і пераследам за сваю веру падвяргаюцца больш за 365 мільёнаў хрысціян, прыкладна кожны сёмы.
Іерарх нагадаў пра заклік Францішка да інтэгральнага развіцця чалавека – развіцця, якое ўключае таксама і духоўнае вымярэнне. Ён раскрытыкаваў новы Парадак дня ў галіне развіцця на перыяд да 2030 года за тое, што той з'яўляецца няпоўным і не ўлічвае духоўны аспект развіцця чалавека.
Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Галахер нагадаў пра абавязак дзяржаў захоўваць нейтралітэт і забяспечваць рэлігійным групам і асобным людзям роўныя правы на публічнае выказванне сваіх рэлігійных перакананняў. Тыя, хто карыстаецца свабодай веравызнання, змогуць самі дасягнуць свайго ўсебаковага развіцця і ўнесці ўклад у прагрэс грамадства, сцвердзіў іерарх.