ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: патрэбны сумленныя даследаванні для абароны дзяцей

Старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх скіраваў пасланне з нагоды Еўрапейскага дня абароны дзяцей ад сексуальнай эксплуатацыі і сексуальнага выкарыстання, які адзначаецца 18 лістапада.

Аляксандр Панчанка – Pope

У звароце на імя прафесара Эрнэста Кафо, старшыні італьянскай грамадскай арганізацыі Telefono Azzuro, якая дзейнічае ў сферы абароны дзяцей, кардынал Шон Патрык О’Мэйлі, заўважыў, што праблема сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх з’яўляецца глабальнай.

Іерарх нагадаў, што паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 120 мільёнаў дзяўчын і маладых жанчын ва ўзросце да 20 гадоў сутыкаліся з якой-небудзь формай прымусовага сексуальнага кантакту. Кожная пятая жанчына і кожны трынаццаты мужчына сталі ахвярамі сексуальнага злоўжывання да наступлення іх 18-годдзя. У некаторых частках свету сексуальнае насілле спазнала кожнае другое дзіця. 60% ахвяр ніколі не расказваюць пра гэта па прычыне сораму і страху.

Іерарх нагадаў таксама некаторыя лічбы, якія тычацца праблемы сексуальных злоўжыванняў у Касцёле. Ён заўважыў, што паводле Незалежнай камісіі па сексуальным злоўжыванням у Каталіцкім Касцёле ў Францыі, у перыяд з 1950 па 2020 г. ахвярамі насілля ў касцёльных структурах у гэтай краіне сталі каля 216 000 дзяцей. У Аўстраліі даследаванні паказалі, што 40% сексуальных злоўжыванняў за гэты перыяд таксама адбылося ва ўстановах, звязаных з Касцёлам.

“Статыстыка пакідае без слоў. Але мы не можам дазволіць, каб наша рэакцыя на яе, зацьміла яе мэту: ацаніць меры, прынятыя Касцёлам для супрацьстаяння гэтаму няшчасцю і даць рэкамендацыі, карысныя для змены сістэмы, якая пацярпела паразу на колькасным і якасным узроўні”, - напісаў кардынал.

Іерарх заўважыў, што “немагчыма выправіць тое, што не прызнаецца”, і што немагчыма вярнуць давер людзей, калі не пачаць уваходзіць у глыбіню праблемы, а гэта патрабуе “сумленных і незалежных даследаванняў”, каб дзейнасць грунтавалася на інфармаванасці. У гэтым кантэксце ён адзначыў, што Касцёл павінен вучыцца на дасягненнях грамадзянскай супольнасці і акадэмічнага света, і каб яго стратэгіі абароны непаўналетніх грунтаваліся на навуковым падыходзе.

“Калі будзем вучыцца адзін ад аднаго, мы зможам стаць Касцёлам і грамадствам, якія надаюць глабальнай абароне дзяцей адно з прыярытэтным месцаў, а гэта патрабуе інвестыцый у стварэнне даверлівых адносін і ўзаемнай падтрымкі паміж структурамі”, - дадаў кардынал О’Мэйлі.

Гаворачы пра жаданне Касцёла супрацоўнічаць з грамадствам у сферы абароны дзяцей, іерарх заўважыў, што ў Еўрапейскі дзень абароны дзяцей ад сексуальнай эксплуатацыі і сексуальнага выкарыстання, італьянскі епіскапат упершыню праводзіць Дзень малітвы за ахвяр злоўжыванняў, а рамках пасяджэння епіскапату ЗША адбылася супольная малітва з ахвярамі гэтай ганебнай з’явы.
 

18 лістапада 2021, 13:11