ҽ

Габрыэла Гамбіна Габрыэла Гамбіна  

Святы Пасад: сям’я – вядучая сіла здаровай эканамічнай сістэмы

Капіталістычная эканоміка не вядзе ні да шчасця асобных людзей, ні да ўсеагульнага дабрабыту. Патрэбна сістэма, якая ставіць у цэнтры сям’ю, - перакананая падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Габрыэла Гамбіна звярнулася з адмысловым відэапасланнем да арганізатараў і ўдзельнікаў тэматычнага форума “Палітыка для шчасця” – анлайн-сустрэчы, якая стала часткай падрыхтоўкі да міжнароднай сустрэчы ў італьянскім Асізі на тэму “Эканоміка Францішка”, запланаванай на 19-21 лістапада 2020 г.

У сваім звароце ватыканскі эксперт падкрэсліла важнасць агульнага дабра, якое трэба разумець не як “сукупнасць спецыфічных дабротаў” кожнага асобнага чалавека, але як тое, што можна дасягнуць, памножыць і захаваць толькі разам. Гэта “не мэта сама па сабе”, але ўмова, неабходная для “поўнай рэалізацыі” чалавека, а значыць, не можа зводзіцца да звычайнага сацыяльна-эканамічнага дабрабыту.

Падсакратар Дыкастэрыі заўважыла, што існуе моцная сувязь паміж агульным дабром, эканомікай і сям’ёй, пабудаванай на сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай. Сям’я, па яе словах, здольная нараджаць высокамаральныя стасункі ўнутры рынка, такія як дзяленне і салідарнасць паміж пакаленнямі, і быць “вядучай сілай эканамічнай сістэмы”.

Капіталістычная эканоміка, зазначыла Гамбіна, накіравана на памнажэнне прыбытку і не вядзе “ні да шчасця асобных людзей, ні да ўсеагульнага дабрабыту”, не гарантуе “ўсебаковага чалавечага развіцця і сацыяльнай інклюзіі”. Яна пакідае ззаду “бедных, маргіналізаваных і тых, хто ўжо даўно знаходзіцца ў складанай сітуацыі”.

Унутры эканамічнай сістэмы трэба адводзіць цэнтральную ролю сям’і, дзе нараджаюцца і развіваюцца стасункі, патрэбныя для поўнай рэалізацыі асобы, яе ідэнтычнасці і жыццёвага плану.

Сям’я – гэта “не ноша і не выдаткі, але галоўны рухавік, здольны нараджаць стабільнасць, бяспеку, велікадушныя, салідарныя і бескарыслівыя паводзіны, якія могуць станоўча жывіць эканамічную сістэму”, - заключыла Габрыэла Гамбіна.

Яна заклікала ўдзельнікаў форуму “Палітыка для шчасця” сумесна ствараць прастору для сустрэчы, у якой пануе давер і празрыстасць, дзе кіруючымі прынцыпамі з’яўляюцца “дзяленне, салідарнасць і адзінства”.
 

13 жніўня 2020, 14:54