ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: карэнныя народы – багацце чалавецтва

Карэнныя народы – багацце чалавецтва, падкрэсліў мансеньёр Кіка Арэлана, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Сусветнай харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО).

Ватыканскі дыпламат напісаў артыкул у “L’Osservatore Romano” з нагоды Сусветнага дня карэнных народаў, які адзначаецца 9 жніўня. Ён заўважыў, што сёлета гэты Дзень у Касцёле мае асаблівае значэнне, і звязана гэта з падрыхтоўкай да Сінода Біскупаў па Амазоніі, які адбудзецца ў кастрычніку 2019 г. у Ватыкане, і падрыхтоўчы дакумент якога, пад назвай “Амазонія: новыя шляхі для Касцёла і інтэгральнай экалогіі”, быў прадстаўлены два месяцы таму.

Мансеньёр Арэлана заўважыў, што ў свеце існуе каля пяці тысяч груп карэнных народаў, якія складаюць каля 370 мільёнаў чалавек, што пражываюць у амаль ста краінах. Гэта крыху менш за 5% насельніцтва планеты. Акрамя таго, карэнныя народы з’яўляюцца адной з найбольш уразлівых і неабароненых груп, уваходзясы ў 15% самых бедных жыхароў Зямлі. Нельга забывацца, што гэтыя людзі нярэдка падвяргаюцца эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай дыскрымінацыі.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ФАО заклікаў паглядзець на карэнныя народы свету, наследуючы св. Ігнацыя Лаёлу, які ў сваіх Духоўных практыкаваннях прапановаў: бачыць людзей, слухаць тое, што яны кажуць, і лічыцца з тым, што яны робяць.

Гаворачы пра важнасць слухання карэнных народаў, ватыканскі дыпламат нагадаў словы Папы, прамоўленыя падчас яго візіту ў Перу, пра тое, што іх прароцкія словы “гэта крык зямлі, якую часта прымушаюць маўчаць і якую пазбавілі слова”.

“[Гэта прароцтва павінна заўсёды прысутнічаць у нашым Касцёле, які ніколі не перастае ўздымаць голас у абарону адрынутых і пакутуючых]”

, - дадаў ён.

Спасылаючыся на папу Францішка, дыпламат падкрэсліў, што ў абліччах прадстаўнікоў карэнных народаў адлюстроўваецца іх зямля: шматгранная, разнастайная, з велізарным біялагічным, культурным і духоўным багаццем, і якая ніколі не сустракалася з такімі пагрозамі, як сёння.

Паводле мансеньёра Арэлана, бачанне сусвету і мудрасць карэнных народаў могуць многаму навучыць тых, хто не належыць да іх культуры. “Гэта мудрасць падкрэсліваецца ў падрыхтоўчым дакуменце Сінода: “Для карэнных народаў Амазонні “добрае жыццё” – гэта калі калі жывеш у адзінстве з іншымі, са светам, са стварэннямі, што навокал, і Стварыцелем”, - падкрэсліў дыпламат.

Напрыканцы артыкула ён заклікаў “уключыць карэнныя народы ў нашу малітву, бачыць іх разнастайныя багацці, захапляцца іх трыдыцыйнай чалавечай, культурнай, сацыяльнай і рэлігійнай спадчынай, каб ніколі не ігнаравалася іх дзейнасць, поўная прагненняў і надзеі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 жніўня 2018, 14:00